У Мінэнерга распавялі, што другі энергаблок БелАЭС гатовы на 70 %

1-ы энергаблок Беларускай АЭС. 11 кастрычніка 2019 года. Фота – Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк распавёў, што гатовасць першага энергаблоку даволі высокая, а працы на другім энергаблоку Беларускай АЭС завершаныя на 70 %. Пра гэта піша выданне «Рэспублiка».

«Ступень гатовасці другога энергаблоку ацэньваецца на 70 %. Тут вядуцца будаўніча-мантажныя працы па аб’ектах ядравай і турбіннай выспаў, мантаж асноўнага абсталявання, тэхналагічных трубаправодаў, пракладка кабельнай прадукцыі. Вядзецца падрыхтоўка да падачы напругі на ўласныя патрэбы, якая запланаваная на першы квартал 2020 года. Гэта неабходна для поўнамаштабнага развароту пусканаладачных прац на другім энергаблоку», – сказаў Міхаіл Міхадзюк.

На першым энергаблоку цяпер фінішныя працы.

«Мы знаходзімся на найважнейшым этапе перадпускавой працы – гарачай абкатцы абсталявання, якую плануем завяршыць у лютым. Гэта азначае, што ў корпус рэактара загружаныя імітатары паліва. Паводле праграме выходзім на працоўныя параметры па тэмпературы, ціску, выпрабоўваем працу ўсіх тэхналагічных сістэмаў атамнай электрастанцыі», – адзначыў чыноўнік.

Акрамя гэтага Міхаіл Міхадзюк распавёў і пра інцыдэнты на будоўлі.

Уладзімір Макей прызнаў, што не ведае, калі запрацуе БелАЭС

4 лютага сёлета літоўская выведка апублікавала справаздачу, у якой сцвярджае: летась у чэрвені і «Росатом», і беларускія ведамствы засакрэцілі інфармацыю пра пажар на станцыі. Чыноўнік лічыць, што нічога надзвычайнага не адбылося.

«Адзін з будаўнікоў паліў каля металічнага вядра з рэшткамі фарбы на растваральніку. Фарба загарэлася, што прывяло да задымлення памяшкання. Вогнетушыцелем узгаранне аператыўна патушылі. Ніякіх пашкоджанняў абсталявання або будаўнічых канструкцыяў пры гэтым не было. Інцыдэнт адбыўся ў пешаходна-кабельным тунэлі ў траўні 2019 года. Пажарная сігналізацыя спрацавала штатна», – распавёў намеснік міністра.

Паводле слоў Міхаіла Міхадзюка, такое здарэнне не патрабуе апавяшчэння літоўскага боку, паколькі не датычылася будынку рэактара і тэхналагічных сістэмаў.

Літва зʼяўляецца галоўным крытыкам Астравецкай АЭС, якая будуецца за 50 км ад Вільні. Улады Літвы настойваюць на тым, што абʼект будуецца з парушэннямі патрабаванняў бяспекі. Менск зняпраўджвае гэтыя абвінавачванні.

Запуск БелАЭС пераносілі некалькі разоў. Цяпер дакладная дата пачатку працы атамнай электрастанцыі не агучваецца.

Краіны Балтыі рыхтуюцца да адмовы ад электраэнергіі з БелАЭС

СК belsat.eu

Hавiны