Чалавек Рэнесансу ў лічбавай эпосе. Памёр Міхал Анемпадыстаў




У ноч на 23 студзеня мастак заснуў за кампутарам. Аказалася – інсульт. Раней паведамлялася, што яго ў крытычным стане даставілі ў шпіталь.

Міхал – адзін з стваральнікаў беларускай рок-паэзіі, аўтар знакавых беларускіх песень, а таксама дызайнер, графік, паэт, публіцыст, фатограф.

Нарадзіўся ў Менску 16 сакавіка 1964 году. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні (1979–1983), удзельнік суполкі «Майстроўня». Сфера ягонай зацікаўленасцяў – плакат, ужытковая і станкавая графіка, фатаграфія і графічны дызайн.

Творца быў сябрам праўлення Беларускага саюзу дызайнераў. Яго творы экспанаваліся на выставах з 1987 году, першая персанальная выстава Міхала адбылася ў 1993 годзе ў Берліне.

Міхал Анемпадыстаў стварыў канцэпцыю «Народнага альбому», спрычыніўся да напісання большасці вобразаў і тэкстаў песень праекту, а таксама аформіў ягоную вокладу (як пазалетась і вокладу праекту «Белсату» «Народны альбом. 20 гадоў»).

Міхал Анемпадыстаў афармляў праграмы нашага тэлеканалу, распрацоўваў дызайн нашых фірмовых каляндароў і плакатаў нашых фільмаў.

«Ён – тыповы чалавек Рэнесансу: графік, фатограф, аўтар тэкстаў, – кажа рэдактар «Белсату» Сяргей Пеляса, які супрацоўнічаў з Міхалам у межах шэрагу праграмаў. – Літаральна пару дзён таму ён аформіў для нас праграмы «Тэрыторыя праўды» і «Беларускі свет». Гэта самы выбітны і пладавіты беларускі мастак лічбавай эпохі».

Цягам некалькіх гадоў быў сябрам Дарадчае рады пры тэлеканале «Белсат», у якую ўваходзілі выбітныя дзеячы беларускай культуры.

Сёння а 20-й у жывым эфіры выйдзе адмысловае выданне «Студыі Белсату», прысвечанае Міхалу Анемпадыставу.

  • Зборам грашовай дапамогі сям’і Міхала займаецца Сяргей Будкін. З ім можна звязацца па нумары +375 29 6872093 або праз электронную пошту budkin1982@gmail.com.

Развітанне і грамадзянская паніхіда адбудуцца 25 студзеня ў прасторы «ОК-16» у Менску (вуліца Кастрычніцкая, 16) з 11:00 да 14:00. Крэмацыя адбудзецца на Паўночных могілках а 15:30.

ДР, ДД

Стужка навінаў