У межах «справы медыкаў» на чарзе суд над акадэмікам Бялецкім


11 лютага ў панядзелак у Менскім гарадскім судзе распачнецца разгляд адной з самых рэзанансных частак «справы медыкаў». Перад судом з абвінавачваннем у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры паўстане былы дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі.

З усіх фігурантаў «справы медыкаў» Бялецкі з’яўляецца адметным, піша belaruspartisan.by. Доктар медычных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед Міністэрства аховы здароўя і лекар вышэйшай катэгорыі абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры. Санкцыя артыкула – ад 5 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Верагодна, акадэмік разлічвае на мінімальнае пакаранне.

Пра арышт Бялецкага стала вядома летам мінулага года.

«Аляксандр Бялецкі затрыманы і заключаны пад варту за арганізацыю правядзення тэхнічнага абслугоўвання і рамонту медычнага абсталявання з боку камерцыйных структураў і своечасовую аплату за аказаныя паслугі. Пры правядзенні ператрусу ў яго гаражы і па месцы жыхарства ў схованках выяўлена каля 500 тысячаў долараў ЗША у эквіваленце», – паведамляў старшыня КДБ Валер Вакульчык.

Цяпер, хутчэй за ўсё, абвінавачаны знаходзіцца пад хатнім арыштам. Напрыканцы студзеня стала вядома, што Бялецкі выйшаў з СІЗА КДБ. Змяненне меры стрымання да суду магчыма толькі адным выпадку: абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну, супрацоўнічаў са следствам, дапамог выкрыць іншых асобаў і вярнуў у бюджэт незаконна атрыманы прыбытак. У якасці прыкладу можна прывесці сітуацыю з былым галоўным лекарам 12-й стаматалагічнай паліклінікі Уладзімірам Краўчанкам, які заключыў дасудовае пагадненне са следствам КДБ аб супрацы.

Перад судом абвінавачаны акадэмік Бялецкі паўстане адзін. А гэта значыць, што пры расследаванні яго крымінальнай справы была выкарыстаная безадмоўная схема атрымання доказаў вінаватасці. Як і ў раней разгледжаных у судах справах у якасці сведак абвінавачання ў справе Бялецкага, хутчэй за ўсё, выступяць прадстаўнікі бізнесу, ад якіх дырэктар цэнтру атрымліваў хабар. Традыцыйна менавіта на паказаннях хабарадавальнікаў выбудоўваецца ўся абвінаваўчая база. Аднак асобы, якія даюць хабар у такіх выпадках традыцыйна вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці, яны атрымліваюць статус сведак.

У шматлікіх публікацыях пра РНПЦ траўматалогіі і артапедыі паведамляецца, што цэнтр «мае самае сучаснае абсталяванне на сусветным узроўні». Дзякуючы дырэктару Бялецкаму быў набыты магнітна-рэзанансны тамограф коштам 1 мільён 700 тысячаў еўраў. Пры стандартным адкаце ў памеры 10 % можна лёгка падлічыць суму хабару. Зрэшты, усе акалічнасці справы будуць агучаныя падчас першага пасяджэння пракурорам.

Hавiны
Стаў вядомы прысуд экс-намесніку міністра аховы здароўя Ігару Ласіцкаму
2019.02.08 09:08

СК, belsat.eu

Стужка навінаў