У менскую студыю «Белсату» ўварваліся


У менскую студыю «Белсату» ўварваліся… святы! І мы падзелімся імі з вамі 31 снежня а 23:05!

Якія ж святы без песняў, танцаў і падарункаў? Шыкоўны падарунак падрыхтаваў саліст «Беларускіх песняроў» Валерый Дайнэка. Мы хацелі, каб ён спеў адну любімую песню з рэпертуару «Песняроў». Валерый вырашыў парадаваць усіх і падрыхтаваў выступ з найлепшымі гітамі. Такога выканання ўсім вядомых гітоў вы яшчэ не чулі!

Упершыню на тэлебачанні музычнае спаборніцтва «Сам Шазам». Тут трэба ўгадваць песні і чым хутчэй, тым лепей. За перамогу пазмагаюцца дзве каманды. Спявачка Ганна Шаркунова і спартовец Віталь Гуркоў супраць нашага вядоўцы Іллі Маліноўскага і акторкі Алены Гіранок. Хто каго?

Зорка беларускай оперы Маргарыта Ляўчук таксама падрыхтавала сюрпрыз для нашых гледачоў. Разам з гуртом «Nizkiz» яна дала новае рокавае беларускамоўнае гучанне знакамітай арыі «Царыца ночы» з оперы Моцарта «Чароўная флейта».

Найлепшыя кухары нашай краіны Вольга Прыгарава і Аляксандр Чыкілеўскі злавілі ў лесе саліста гурта «Крама» Ігара Варашкевіча і наварылі яму глінтвейну. А галоўнае – раскрылі сакрэт, што піць і што есці, каб зранку пасля свята не балела галава. Ці гатовы ў адказ на гэта Варашкевіч здаць сваё месца для рыбалкі?

Фанк, рок, джаз, поп, класіка – музыка і забавы на любы густ. Нікому дакладна не будзе сумна!

Глядзіце ў навагоднюю ноч нашае святочнае шоу «Нармальны Новы год» 31 снежня а 23:05 у эфіры, а пасля і на YouTube-канале «Белсат Музыка».

Стужка навінаў