У Менску знайшлі мумію жанчыны. Некалькі гадоў у яе кватэры гарэў газ

Следчы камітэт паведаміў, што ладзіць праверку паводле факту знаходкі ў адной з менскіх кватэраў муміфікаванага цела жанчыны 1967 года нараджэння. Паводле суседзяў, яна магла ляжаць там нават тры гады. У яе не было сваякоў.

Як стала вядома «Oniner», сям’я Яўменчык з трох жанчын – маці і дзвюх дачок – жыла ў шматкватэрным доме па вуліцы Пляханава, 125 з 1975 года. Суседзі распавялі што маці выпівала, але была бяскрыўднай і даволі таварыскай. Яе дарослыя дочкі вялі цвярозы лад жыцця, але ні з кім не віталіся. Таксама жанчыны не хацелі працаваць.

Ілюстрацыйны здымак. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У нулявых у маці сямейства здарыўся інсульт. Дочкі не хацелі яе даглядаць. Паводле суседзяў, у пад’ездзе стаяў пах ляжачага чалавека.

У 2013-м маці памерла. У 2015-м памерла адна з сясцёр, Святлана. У апошняй, Таццяны, не засталося ніякіх сваякоў.

Паводле некаторых, яна мела нейкія псіхічныя праблемы.

«За што жыла, што ела – ніхто не ведае. Нярэдка бачылі, як яна лазіла па сметніцах», – распавяла «Нашай Ніве» адна з суседак.

У 2017-м годзе суседзі перасталі заўважаць і Таццяну, але праз некамунікабельнасць апошняй не надалі гэтаму значэння.

Жыхары насцярожыліся, калі заўважылі, што ў паштовай скрыні Яўменчык збіраюцца жыроўкі.

«ЖЭС ніяк не рэагаваў, проста прыносілі новыя і новыя жыроўкі, пхалі туды. Мы не ведалі, што адбываецца. Кажуць, адна з суседак адчувала, што штосьці не так і нават звярталася да ўчастковага, але той яе адшыў. Але ці праўда гэта, ці чуткі – я не ведаю», – кажа жыхарка дому.

Ілюстрацыйны здымак. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У сярэдзіне лютага ў суседкі Таццяны знізу пачало капаць са столі.

«Уначы пабегла вада. Я паднялася, ніхто не адкрыў. Пагаварыла з іншымі суседзямі, яны распавялі, што ў той кватэры даўно не відаць гаспадыні. Ну я і пазваніла рамонтнікам: кажу едзьце, рабіце штосьці, мая кватэра на вялікую суму застрахаваная! Яны прыехалі і ўскрылі кватэру. Міліцыя была, іншыя службы – агулам чалавек з дваццаць», – кажа суседка.

Таццяну знайшлі мёртвай на кухні – яна ляжала на падлозе. Цела зусім высахла: у хаце было цёпла, форткі закрытыя. Але галоўнае, што ўвесь гэты час – можа нават тры гады – на пліце гарэў газ, а з крана цякла вада, сцвярджаюць суседзі.

«Як мы не ўзарваліся, бог яго ведае. Але пасля адразу па пад’ездзе пабеглі газавікі, правяралі штосьці ва ўсіх кватэрах», – дадае суседка.

Цяпер жыхары дому маюць прэтэнзію да ЖЭСа, чаму там не звярталі ўвагі на неаплачаныя квітанцыі ды тое, што святло ў кватэры было даўно адключанае за няплату, а газам і вадой працягваюць карыстацца.

Цяпер следчыя высвятляюць усе абставіны здарэння. Дакладную прычыну смерці жанчыны мае ўсталяваць судова-медычная экспертыза.

«Двое на падлозе, адзін у крэсле…» Тры трупы ў кватэры хрушчоўкі пад Новы год

ДД belsat.eu

Hавiны