У Менску зладзілі першы беларускамоўны стэндап


На пляцоўцы «Standup Comedy Hall» стэндапы ладзяць з траўня, а на моўны эксперымент наважыліся толькі цяпер.

Жартаваць на матчынай наважылася ажно 6 чалавек, а ў залі вольных месцаў амаль не было. Вядоўца адразу папярэдзіў, што ўзровень мовы ў стэндапераў розны – хіба, каб наведвальнікі загадзя супакоілі сваіх унутраных грама-нацы.

Hавiны
У Менску ўпершыню пройдзе беларускамоўны стэндап
2019.09.18 16:02

На жаль, працытаваць жарты мы не можам. Арганізатары імпрэзы забаранілі рабіць рэпартаж з першага беларускамоўнага стэндапу – маўляў, гэта пакуль што пілотны праект. А аўтарскае права – гэта сур’ёзна. Але мы не маглі не схадзіць – такая падзея!

Жартавалі над сучаснай адукацыяй, Лукашэнка, шмат жартавалі пра секс, стасункі і нават пра хатні гвалт. Дзесьці публіка адгукалася смехам, дзесьці, як кажуць, «было міма». Агулам вечар атрымаўся ўдалым. Эксперымент можна лічыць годным – хаця б праз тое, што для некаторых менавіта мова выступу стала вырашальнай.

Малюнак: Дэ Лёс / Belsat.eu

– Радая, што арганізатары такое прыдумалі, і галоўнае, што рабяты-комікі падтрымалі. Думаю, што гэта няпроста. Некаторыя жарты вельмі спадабаліся, а месцамі было не так цікава. Навошта распавядаць мацюкамі – мне не зразумела, – кажа наведвальніца Настасся, якая раней ніколі не была на стэндапах.

Яшчэ адна наведвальніца, Марына, кажа, што ўвогуле не любіць стэндапы, але беларускамоўнаму дала шанец.

– Мне запомніліся некаторыя жарты, і я іх нават распавяду свайму будучаму мужу. Але не ўсе выступоўцы добра падрыхтаваліся. І яшчэ лічу, што калі стэндап беларускамоўны, то не абавязкова рабіць такі акцэнт на нашай памяркоўнасці. Мы зразумеем і іншыя жарты па-беларуску.

На развітанне ўсім паабяцалі, што беларускамоўныя імпрэзы плануюць ладзіць раз на месяц. Так што чакайце новых рэбраў тутэйшага гумару.

Марыя Грыц Belsat.eu

Стужка навінаў