У Менску затрымалі саўладальніка модных бараў. Яго вінавацяць у наркагандлі


Улад Брыштэль

Саўладальнік модных менскіх бараў, у прыватнасці «Шцірліц» і «Цішэй мышы», Улад Брыштэль затрыманы працаўнікамі праваахоўных органаў па падазрэнні ў распаўсюдзе наркотыкаў.

32-гадовы бізнесовец абвінавачваецца ў тым, што ён незаконна з мэтай збыту захоўваў каля 4,8 г асабліва небяспечнага псіхатропу – мефедрона.

Знаёмыя бізнесоўцы распавядаюць, што на такі заробак Брыштэль маглі падштурхнуць нізкія даходы ад рэстараннага бізнесу. «Кажуць, ён сам паказаў больш за 20 зробленых ім закладак. Напэўна, грошы былі патрэбныя – дзіця ад першага шлюбу ў яго хворае, а тут Улад сабраўся сваёй дзяўчыне прапанову зрабіць… »- выказаў меркаванне ягоны знаёмы ў інтэрв’ю TUT.by.

Адвакат бізнесоўца пацвердзіў факт затрымання.

Раней ГУУС Менгарвыканкаму паведаміла, што міліцыянты 28 кастрычніка знайшлі ў мужчыны пакет, у якім знаходзілася парашкападобнае рэчыва белага колеру масай каля 3 г. Падчас затрымання і канфіскацыі закладкі мужчына паспрабаваў выкінуць скрутак.

У наступным працаўнікі міліцыі ў раёне вуліцы Шчадрына – Смаргоўскі тракт выявілі і канфіскавалі яшчэ 27 схованак-закладак з рэчывам белага колеру. Паведамляецца, што затрыманы працаваў на інтэрнэт-краму па продажы наркатычных сродкаў, якая знаходзілася ў Расейскай Федэрацыі.

У дачыненні да 32-гадовага менчука, прозвішча якога ГУУС не называе, распачатая крымінальная справа па частцы 3 артыкула 328 (Незаконны абарот наркатычных сродкаў) КК Беларусі. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Брыштэль раней судзімы: больш за дзесяць гадоў таму ён атрымаў мінімальны тэрмін па артыкуле за хуліганства з ужываннем зброі (арт. 339, ч. 3 Крымінальнага кодэкса).

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Глядзі таксама
Каментары