У Менску затрымалі наркадылера. У яго знайшлі больш за кілаграм псіхатропаў


Супрацоўнікі міліцыі затрымалі 27-гадовага жыхара Менску. Міліцыя сцвярджае, што гэта буйны распаўсюднік, які арыентаваўся збольшага на сталіцу.

Паведамляецца, што спыніць дзейнасць наркадылера атрымалася дзякуючы супрацы ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі і аддзелу па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогіяў. Праз інтэрнэт яны выйшлі на маладога чалавека.

Затрыманне адбылося, калі хлопец выйшаў з хаты, каб зрабіць «закладкі» псіхатропаў. Аператыўнікі мелі інфармацыю, што ў яго пры сабе было некалькі партыяў тавару, які прызначаўся для іншых распаўсюднікаў.

«Акрамя гэтага, псіхатропныя рэчывы былі знойдзеныя па месцы жыхарства фігуранта, а таксама ў схованках на тэрыторыі Менска і Менскага раёну. У агульнай колькасці аператыўнікамі выяўлена і канфіскавана 707 грамаў асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва альфа-PVP і 337 грамаў асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва ТМСР-2201», – кажа Алег Сільвестровіч, начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Менаблвыканкаму.

Паводле аператыўнікаў, малады чалавек больш за тры месяцы займаўся распаўсюдам псіхатропных рэчываў. Спачатку прадаваў дробныя партыі, а пасля перайшоў на опт.

Закладкі наркотыкаў хлопец рабіў непадалёк ад пасёлкаў Прывольны і Калодзішчы.

«Штомесяц збытчык атрымліваў аплату на электронную картку, у апошні месяц «зарплата» вырасла да 1,5 тысячаў долараў. Яго роля зводзілася да атрымання буйной партыі псіхатропаў, фасоўкі на больш дробныя і раскладцы іх для гандляроў ніжэйшага звяна. Такім чынам, ён атрымліваў партыі вагой 1 – 2 кг, а распаўсюджваў тавар больш дробным оптам – па 50 – 200 грамаў», – адзначае Алег Сільвестровіч.

У дачыненні да маладога чалавека ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 328 ч. 3 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Яму пагражае ад 8 да 15 гадоў зняволення з канфіскацыяй або без.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў