У Менску затрымалі лекара – ён выпісаў моцныя транквілізатары


У Менску міліцыя затрымала 38-гадовага лекара прыватнай установы аховы здароўя, які падазраецца ў незаконным абароце псіхатропных рэчываў.

Паводле міліцыі, лекар «выпісаў рэцэпт на набыццё таблетак, якія змяшчаюць у сваім складзе псіхатропнае рэчыва, на аднаго кліента, які на той момант праходзіў курс лячэння». Пры гэтым лекар набыў дадзеныя таблеткі ў аптэцы сам. У той момант калі ён нібыта чакаў пакупніка таблетак яго затрымалі аператыўнікі.

«Падчас ператрусу ў мужчыны выяўлена і канфіскавана 20 таблетак… У ходзе даследавання таблетак было выяўлена, што гэтыя аб’екты ўтрымліваюць у сваім складзе небяспечнае псіхатропнае рэчыва – дыязепам», – паведамляе прэс-служба ГУУС Менгарвыканкаму.

У дачыненні да лекара распачатая крымінальная справа па ч.2 арт.328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Незаконны абарот наркатычных сродкаў»). Яму пагражае да 8 гадоў.

З прэс-рэлізу ГУУС не зусім зразумела, у чым заключаецца злачынства лекара. Таблеткі з дыязепамам прадаюцца ў беларускіх аптэках і не зʼяўляюцца забароненымі. Магчыма, міліцыя падазрае лекара ў тым, што ён беспадстаўна выпісваў таблеткі, а потым прадаваў іх здаровым людзям – аднак, як вынікае з прэс-рэлізу, яго чамусьці затрымалі не падчас продажу таблетак.

Дыязепам лічыцца моцным транквілізатарам і шырока выкарыстоўваецца ў медычнай практыцы. Валодае снатворным, расслабляльным эфектам. Празмернае ўжыванне можа прывесці да залежнасці.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў