У Менску затрымалі ілжэдэтэктыва


Працаўнікі ГУБАЗіК затрымалі сёння ў Менску мужчыну, які называў сябе прыватным дэтэктывам, браў грошы ў даверлівых грамадзянаў, а абяцаныя паслугі не аказваў.

Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава ў Telegram.

Паводле звестак міліцыі, беспрацоўны жыхар адной з вёсак Менскага раёну раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці: шляхам падману і злоўжывання даверам пад нагодай збору кампрамату і ажыццяўлення сачэння ён завалодваў грашыма сваіх ахвяр. Як высветлілі праваахоўнікі, пасля адбыцця пакарання ў жніўні 2015 году ён зноў вярнуўся да супрацьзаконнай дзейнасці.

Мужчына стварыў сайт, на якім рэкламаваліся паслугі прыватнага вышуку. Заказы ад кліентаў паступалі на камерцыйных партнёраў, канкурэнтаў, няверных супругаў. Падазраваны браў перадаплату за прадстаўленне інфармацыі з аўтаматызаваных базаў дадзеных МУС, аказанне паслуг сачэння, праслухоўвання памяшканняў, дэталізацыю тэлефонных злучэнняў, але выконваць узятыя на сябе абяцанні не збіраўся.

Ілжэдэтэктыў быў затрыманы з палічным. Следчы камітэт распачаў у дачыненні да яго крымінальную справу паводле ч. 3 артыкула 209 КК Рэспублікі Беларусь (махлярства ў буйным памеры). Ён узяты пад варту, следча-аператыўныя мерапрыемствы працягваюцца.

У Беларусі права на ажыццяўленне праслухоўвання і назірання за грамадзянамі маюць толькі дзяржаўныя органы.

КА belsat.eu

Стужка навінаў