У Менску затрымалі двух «злодзеяў у законе»


Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі ў Нацыянальным аэрапорце Менск затрымалі грамадзянаў Грузіі: 17 студзеня – Гела Кардава, а 18 студзеня – Суліко Шарыкадзе. У крымінальным асяроддзі затрыманыя маюць статус «злодзеяў у законе».

Сайт МУС паведамляе, што 43-гадовы Гела Кардава прад’явіў беларускім памежнікам расейскі пашпарт на імя іншага чалавека. Падчас апытання ён пацвердзіў свой крымінальны статус і растлумачыў, што прыбыў у Беларусь з Расеі 16 студзеня, а затым меў намер вылецець у Стамбул для ўдзелу ў зладзейскай сходцы.

Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, Гела Кардава ва ўзросце 22 гадоў атрымаў статус злодзея ў законе. Ён займаўся разбоямі і рабаваннямі. Мужчына ўваходзіў ў злачынную групоўку Дзеда Хасана, якога забілі ў 2013 годзе ў Расеі. Чакалася, што пасля яго смерці лідарам групоўкі стане Гела разам са сваім малодшым братам Гізо, таксама злодзеем у законе.

44-гадовы Суліко Шарыкадзе быў затрыманы за тое, што знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі без рэгістрацыі і міграцыйнай карты, чым парушыў міграцыйнае заканадаўства. У Беларусі на аўтамабілі ён прыехаў з Расеі, дзе да 7 снежня мінулага года адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі за незаконнае захоўванне зброі і наркотыкаў.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары