Бодзібілдара Шоту Лабжанідзэ, затрыманага раней па крымінальнай справе, пакаралі штрафам


У Менску сілавікі затрымалі прафесійнага атлета-бодзібілдара, фітнэс-інструктара Шоту Лабжанідзэ. Пра гэта «Белсату» паведамілі сябры спартоўцы. Пазней стала вядома, што справу перакваліфікавалі на адміністратыўную.

Шэсць міліцыянтаў прыйшлі ў спартовую залю, дзе працуе Шота Лабжанідзэ і забралі фітнэс-інструктара з сабою.

«Пазней яны прывезлі Шоту да яго дадому. У яго малое дзіця. Прыехалі яны з мэтай правесці не ператрус, а агляд. Яны паказалі дакументы, але ніхто не пабачыў хто яны. Удакладняць адмовіліся і сказалі, што проста з МУС. Яны сказалі, што нібыта прычына іх візіту – нейкая справа за абразу ў сацсетках. Маўляў, матэрыялаў справы ў іх няма, яны сказалі, што неўзабаве прыедуць асобы з дакументамі. Таму яны пакуль нават не зайшлі ў кватэру», – распавёў «Белсату» сябра Шоты Арцём.

Сябры Шоты паведамляюць, што спартоўцу інкрымінуюць 189 артыкул КК (Абраза).

«Сказалі, што калі возьме віну на сябе, яго адпусцяць»

Пра тое, як праходзіла затрыманне «Белсату» распавяла таксама і жонка Шоты Гванца Гавашэлі:

«Шота сышоў на працу каля 11, а ў 12:42 мне патэлефанавала трэнерка з яго залы і сказала, што яго забіраюць 5 чалавек у масках і звычайнай вопратцы. Яны нічога не патлумачылі, проста надзелі кайданкі і павялі ў распранальню. Ён пераапрануўся, і яго прывезлі да нас дадому. Я хутка знайшла адваката», – кажа яна.

Супрацоўнік міліцыі на матацыкле адʼязджае ад дому Шоты Лабжанідзэ. Фота «Белсат»

Калі патэлефанавалі ў дзверы, жанчына была адна з дзіцем.

«Міліцыянты хутка паказалі «корачку». Я была ў разгубленасці і нават не ўбачыла, што там напісана. Ззаду стаяў мой муж у кайданках і масцы. Яны таксама былі ў масках.

Мы чакалі панятых на агляд кватэры. Адна з іх была суседкай, другога хлопца я не ведаю. За гэты час прыехалі мае бацькі. Мы былі ўсе разам, калі міліцыянты зайшлі ў кватэру. Я запатрабавала ордэр на арышт. Там была напісана нейкая юрыдычная асоба», – распавяла жонка Шоты.

Паводле Гванцы, у ордэры на арышт было запісана 5-6 прозвішчаў чалавек, якія паскардзіліся на тое, што Шота нібыта абразіў іх у сацсетках: падчас нейкага стрыму пісаў каментары.

«Сказалі, што калі ён возьме віну на сябе, то яго праз пару гадзін адпусцяць. Калі не, то завядуць крымінальную справу. Яны паглядзелі кватэру без усялякіх лішніх рухаў, зрабілі фатаграфіі, далі нам дакументы на подпіс. Нічога не забралі, нічога не падкінулі – гэтага мы баяліся», – тлумачыць жанчына.

Пасля вобшуку Шоту завезлі ў ГУБАЗіК. Сувязі ім не было.

Абноўлена: Як пазней паведаміла «Наша Ніва», крымінальную справу паводле арт. 189 перакваліфікавалі на адміністратыўную. Суд Першамайскага раёну пакараў Шоту Лабжанідзэ штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (540 рублёў). Высветлілася, што гаворка ідзе пра стрым 5 чэрвеня з пікету ў падтрымку Лукашэнкі, дзе актывісты БРСМ агрэсіўна паводзілі сябе ў дачыненні да журналістаў. Паводле сілавікоў, Шота напісаў нібыта абразлівыя паведамленні БРСМаўцам.

Шота Лабжанідзэ мае грамадзянства Беларусі, нарадзінец Грузіі. Спартоўцу затрымалі ў Менску 19 чэрвеня падчас Ланцуга салідарнасці. Амапаўцы схапілі Шоту, які праходзіў ля месца правядзення акцыі, са словамі. У выніку спартоўцу прысудзілі штраф у памеры 540 рублёў.

Hавiны
Праваабаронцы прызналі Сяргея Спарыша палітычным вязнем
2020.07.10 12:14

СК belsat.eu

Стужка навінаў