У Менску затрымалі Андрэя Дамарацкага, былога намесніка кіраўніка сталіцы


Андрэй Дамарацкі, фота minsknews.by

Апошні час Дармацкі працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкаму.

Пра затрыманне паведамляе Tut.by. Паводле крыніцаў парталу, чыноўніка затрымаў Следчы камітэт 7 траўня за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

У ведамстве каментароў пакуль не даюць. Начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Сяргей Кабаковіч параіў belsat.eu звяртацца ў СК 10 траўня, бо сёння выходны.

Андрэй Дамарацкі да верасня 2017 займаў пасаду намесніка старшыні Менгарвыканкаму – курыраваў гандаль. Чыноўнік запомніўся на гэтай пасадзе ў тым ліку прагрэсіўнымі рашэннямі: надаваў увагу развіццю беларускай кухні, крытыкаваў залішні кантроль за грамадскім харчаваннем.

Праз аптымізацыю дзяржапарату яго пасаду скарацілі, і Дамарацкі стаў начальнікам галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкаму.

Папярэдняга начальніка галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргея Барысевіча ў красавіку летась затрымаў КДБ па падазрэнні ў карупцыі. Суда над ім яшчэ не было.

Глядзі таксама
Каментары