Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік падчас прэс-канферэнцыі 17 красавіка паведаміў, што ў Менску ў 90 працаўнікоў «хуткай дапамогі» выяўлены каронавірус. Большасць з іх – адміністратыўны персанал.
Каранік прызнаў, што сярод захварэлых на каронавірус высокі адсотак медыкаў, бо тыя непасрэдна кантактуюць з інфікаванымі. Міністр распавёў таксама пра сітуацыю ў менскай «хуткай дапамогі»:
«Магу сказаць, што на сённяшні момант мы маем 90 лаборатна-пацверджаных выпадкаў інфікавання. Толькі 23 выпадкі тычацца выязнога складу – гэта тыя працаўнікі, якія працуюць на выездах. Астатнія выпадкі – гэта апарат кіравання, адміністратыўна-гаспадарчы персанал, спадарожныя службы».
Агульную лічбу інфікаваных каронавірусам медыкам Каранік не назваў.
Каментуючы ў цэлым сітуацыю ў рэгіёнах, Уладзімір Каранік заявіў, што ў Віцебску сітуацыю з каронавірусам атрымалася ўзяць пад кантроль. «З нашага пункту гледжання сітуацыя там стабілізавалася», – падкрэсліў ён.
Паводле міністра, у апошні тыдзень там назіраецца зніжэнне колькасці пацыентаў з пнеўманіяй.
«У бліжэйшы час колькасць выпісаных будзе значна перавышаць колькасць тых, хто паступіў. Тэмпы паступлення зніжаюцца. Мы лічым, што сітуацыю атрымалася ўзяць пад кантроль», – падкрэсліў ён.
Каранік прызнаў, што ў Докшыцкім раёне колькасць пнеўманіяў вышэй, чым у іншых. Што тычацца пацверджаных выпадкаў COVID-19, то ў Докшыцах зарэгістравана 20 выпадкаў інфікавання. Два пацыента знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Каранік таксама распавёў, што на гэтым тыдні тры цяжарныя жанчыны з COVID-19 нарадзілі абсалютна здаровых дзяцей. «І дзеці, і мамы адчуваюць сябе здавальняюча», – падкрэсліў ён. Міністр назваў гэтую падзею «маленькай перамогай».
Каранік распавёў, што беларускія медыкі атрымалі партатыўныя пульсаксіметры, якія дазваляюць высвятляць насычанасць крыві кіслародам.
«Па горадзе Менску сфармаваныя мабільныя брыгады, якія будуць кантраляваць амбулаторнае лячэнне пацыентаў з ВРВІ. Гэта будзе не проста апытанне, як вы сябе адчуваеце. Гэта будзе нармальная лабараторная дыягностыка, пры неабходнасці з экспрэс-тэстам, з абавязковай пульсаксіметрыяй, каб ацаніць, што насычэнне крыві кіслародам дастатковую», – падкрэсліў міністр.
Намесніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан распавяла, што ў Беларусі фіксуецца даволі шмат выпадкаў парушэння ўмоваў рэжыму самаізаляцыі.
«701 выпадкаў парушэнне мераў самаізаляцыі было выяўлена. Гэта значыць людзей не знайшлі дома ў межах 2-3 гадзінаў (з перыядычнасцю ў адну гадзіну пераправяралі) Такая інфармацыя была накіраваная і ў РУУС, і ў пракуратуру. У дачыненні да 7 асобаў распачаты адміністратыўны працэс, у дачыненні да 2 асобаў працэс ужо праведзены – сума штрафу ў межах 2 базавых велічыняў», – распавяла яна.
Карабан дадала, што максімальная сума штрафу за парушэнне самаізаляцыі – 30 базавых велічыняў (810 рублёў). Таксама грамадзяніна могуць прыцягнуць і да крымінальнай адказнасці, калі парушэнне рэжыму самаізаляцыі прывядзе да заражэнне і цяжкіх наступстваў.
Каранік заклікаў беларусаў не наведваць могілкі на Радаўніцу і нікуды не зʼязджаць падчас вялікіх выходных. Ён адзначыў, што ёсць і іншыя дні, калі можна ўспомніць памерлых і прыбрацца на могілках, «без рызыкі, каб гэтых магілаў стала больш».
«Мы бачым па некаторых рэгіёнах выразную сувязь: спачатку Вербніца каталіцкія, а потым праз 7-11 дзён мы сярод менавіта наведнікаў (цэркваў – заўв. belsat.eu) рэгіструем павелічэнне колькасці інфікаваных», – расказаў міністр.
Будзе дадавацца
ІІ belsat.eu