У Менску замалявалі графіці грэцкага мастака


Паводле адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менску, гэта не замалёўванне, а планавы рамонт фасаду. Фота – «Onliner»

Гэтак званага «Анёла смерці» замалявалі праз амаль тры гады пасля з’яўлення яго на сцяне аднаго з дамоў па вуліцы Варанянскага ў Менску.

Мурал з’явіўся тут у лістападзе 2015 года – і адразу патрапіў у топ-10 найлепшых графіці месяца і ў многія міжнародныя каталогі; да яго вадзілі турыстаў. Аўтар працы – грэцкі мастак INO.

Альманах «Signal Project» піша, што дзякуючы яму Беларусь упершыню патрапіла на мапу сусветнага вулічнага мастацтва, а мастакі з іншых краін зразумелі, што нашая краіна адкрытая для сучаснага актуальнага мастацтва.

У размове з «Onliner» Алег Ларычаў, кіраўнік праекту «Urban Myths», у межах якога і паўстаў мурал, заявіў, што аўтар працы быў гатовы да знішчэння муралу: з ім такое ўжо здаралася ў іншых краінах.

«Ён да такой практыкі ставіцца цалкам нармальна. Кажа: «Калі замалявалі, значыць, праца была моцная. Значыць, быў рэзананс. Значыць, нездарма была створана і падзейнічала», – заявіў Ларычаў.

У адміністрацыі Кастрычніцкага раёну кажуць, што графіці не замалёўвалі адмыслова – гэта планавы рамонт фасаду.

«Яшчэ летась мы запланавалі рамонт з наступнай афарбоўкай. Спачатку сценка ўнізе дому была адрамантаваная, а цяпер робім фасад. Там дзе-нідзе стыкі, дзе-нідзе адслаенне – вось і падрамантавалі. А каб прыгожа было, вырашылі ўсе адным колерам пафарбаваць», – распавёў намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Аляксандр Мацэвіч.

ДД

Глядзі таксама
Каментары