«Гэта параноя»: у Менску забаранілі святкаваць 1 верасня


Усе, хто прыйдзе на пікнік, атрымае падарункі, якія мы падрыхтавалі для дзяцей.

1 верасня ў Менску не будзе сямейнага пікніка «З «Белсатам» у новы школьны год». У апошні момант яго адмяніў уласнік памяшкання – вытворца тэлевізараў «Гарызонт».

Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы прыгадвае, што раней «Гарызонт» дазваляў «Белсату» праводзіць там свае мерапрыемствы. Гэтым разам прадстаўнік прадпрыемства напісаў, што іх не паінфармавалі, якая менавіта імпрэза будзе адбывацца ў памяшканні, і не прадставілі дакументу, які б пацвярджаў згоду гарадскіх уладаў на яе правядзенне. Хоць паводле беларускага заканадаўства, пікнік не ёсць масавым мерапрыемствам. Адміністрацыя «Гарызонту» дадала, што «Белсат» працуе без акрэдытацыі ды нелегальна выкарыстоўвае свой таварны знак.

Паводле Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, ліст з паведамленнем пра адмену пікніка прыйшоў так позна, каб арганізатары не змаглі знайсці новага месца. «Уражвае факт, што гэта была абсалютна не палітычная імпрэза, для дзяцей. Мы планавалі правесці віктарыны, гульні і канцэрт. Забарона такога мерапрыемства – гэта проста нейкая параноя».

Тое, што «Белсату» нагадалі пра выкарыстанне нелегальнага таварнага знаку, даводзіць: справай заняліся ўлады вышэйшага рангу, лічыць дырэктарка тэлеканалу. Пры гэтым, арганізатары нават не збіраліся выкарыстоўваць лагатып тэлеканалу, каб не зашкодзіць імпрэзе. «Мы ўсведамлялі, што фармальна ён у Беларусі забаронены», – падкрэсліла Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Паводле яе, адмена пікніка ўпісваецца ў палітыку пераследу СМІ беларускімі ўладамі, якая разгарнулася з новай сілай напачатку году. Маецца на ўвазе атака на журналістаў парталу TUT.by і недзяржаўнага агенцтва «БелаПАН», а таксама на YouTube-блогераў: «Дзесьці было прынята палітычнае рашэнне сказаць незалежным СМІ: хопіць гэтай «сваволі».

«Пачалося з пакарання журналістаў, якія з намі супрацоўнічаюць, велізарнаю колькасцю штрафаў. Такая «даніна», якую нас вымушаюць плаціць. Мы выходзім у эфір цягам 11 год, і ніколі не было столькі штрафаў. Сёлета мы іх атрымалі амаль на $ 30 тыс»., – дадае Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Чарговая праблема, з якою змагаецца «Белсат», – гэта спроба выдалення нашага галоўнага YouTube-каналу нібыта за парушэнне аўтарскіх правоў. Вядзецца пра тое, журналісты выкарыстоўвалі кароткія фрагменты відэа дзяржаўных беларускіх тэлеканалаў на правах цытаты (такая практыка існуе ва ўсім свеце). Белтэлерадыёкампанія дамагаецца ад YouTube выдалення каналу «Белсат News», на якім 70 тыс. падпісчыкаў. «Відавочна, гэта шмат каму замінае», – лічыць дырэктарка «Белсату».

Агнешка Рамашэўская-Гузы ўпэўненая: нягледзячы на пераслед, «Белсат» будзе працаваць далей: «Мы выжывем, бо мы патрэбныя гледачам. І яны нас знойдуць. А мы знойдзем спосаб, як да іх дабрацца».

Размаўляў Ігар Кулей / ЯБ / ІА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары