У Менску з’явіўся сэрвіс, на якім можна набыць ежу з вялікімі зніжкамі


У Менску запрацаваў Telegram-канал, на якім размяшчаецца інфармацыя пра распродаж ежы ў рэстарацыях і кавярнях па досыць нізкіх коштах. Але колькасць прапановаў абмежаваная. Пра сэрвіс паведамляе TUT.by.

Сэрвіс «Смачнаежкі» працуе наступным чынам: рэстарацыі, кавярні і пякарні штодня за гадзіну да ўтылізацыі харчоў выстаўляюць стравы або прадукты на акцыі з апісаннем і коштам. Зніжкі абяцаюць да 75 %.

Пакупнік зможа пабачыць у Telegram-канале наяўнасць прапановаў, заплаціць за ежу праз інтэрнэт і потым, з электронным чэкам цягам гадзіны забраць страву з рэстарацыі.

Да праекту далучыліся 9 сталічных установаў: «Хінкальня» і «Грузін.by», «Briosh», «BonJeni» і «Пякарня Дражына», «Ayahuasca Social Club», «Вінная шафа», «Перасмешнік» і «Клумба».

Ежа, якая выстаўляецца на сэрвісе – не пратэрмінаваная. Гэта стравы, якія засталіся лішнія з пэўных прычынаў. І каб яе не выкідваць установы харчавання гатовыя прадаць нашмат танней.

«Упэўненая, што беларусы даўно ўжо гатовыя да такога кроку, проста многія нават не ведаюць, што можна рабіць па-іншаму, не марнаваць дадатковыя рэсурсы на ўтылізацыю, не выкідваць ежу на сметнік», – тлумачыць ідэю арганізатар сэрвісу Вольга Грынёва.

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары