У Менску вынеслі прысуд забойцу дзяўчыны – ёй нанеслі больш за 90 удараў нажом


У Менску вынесены абвінаваўчы прысуд 22-гадоваму менчуку за жорсткае забойства дзяўчыны і спробу забіць яшчэ адну.

У верасні 2017-га на тэрыторыі школы ў Маскоўскім раёне знайшлі труп дзяўчыны. Яшчэ адна, скрываўленая, прыбегла па дапамогу да вартаўніку.

Аказалася, сварка адбылася на вуліцы Алібегава падчас распівання спіртнога, першая з дзяўчат ведала нападніка. Мужчына параніў нажом абедзвюх. 27-гадовая дзяўчына памерла на месцы – яна атрымала 93 нажавых раненні. Яе 28-гадовая сяброўка атрымала два нажавыя раненні, збегла і выжыла. Вядома, што мужчына захапляўся калекцыянаваннем нажоў, а ў той вечар нібыта паказваў прыёмы валодання нунчакамі.

У ходзе расследавання высветлілася, што падазраваны датычны да разбойнага нападу на сталічную краму яшчэ ўлетку 2011-га. За гэта яго таксама судзілі цяпер, разам з напарнікам.

Па сукупнасці злачынстваў 22-гадовага менчука прысудзілі да 22 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Другі фігурант справы за разбойны напад на краму атрымаў 2 гады калоніі.

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў