У Менску вынеслі два прысуды за супраціў міліцыянтам


Менскія суды вынеслі 18 лістапада прысуды паводле крымінальных справаў за ўдзел у пратэстах як да выбараў, гэтак і пасля. Пра гэта піша «Вясна».

Суд на Паўлам Манкіненкам.
Фота: spring96.org

Суд Фрунзенскага раёну асудзіў 25-гадовага інжынера-праграміста Паўла Манкіненку паводле арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) да чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

5 верасня мянчук пайшоў да народнага мемарыяла памяці Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў 10 жніўня каля станцыі метро «Пушкінская», каб выказаць сваю нязгоду з гвалтам. Калі міліцыянты Юрый Чыркоў і Валянцін Казлоўскі паспрабавалі яго затрымаць за бел-чырвона-белы сцяг, Павел распыліў газ, пасля чаго паміж міліцыянтамі і ім завязалася патасоўка.

Павел Манкіненка прызнаў віну цалкам, у судзе папрасіў прабачэнне ў міліцыянтаў, раскаяўся і ўжо выплаціў 1000 рублёў маральнай шкоды міліцыянту. Аднак суд усё роўна пакараў яго чатырма гадамі пазбаўлення волі. Менавіта такое пакаранне для Паўла і прасіў у суда дзяржаўны абвінаваўца.

Затрыманне Антона Лакішыка (у белай кофце).
Фота: spring96.org

А суд Цэнтральнага раёну асудзіў да трох гадоў калоніі 21-гадовага тэхніка Антона Лакішыка за напад на АМАПаўца Яўгена Дудкіна 14 ліпеня на Нямізе. Хлопец уступіў у патасоўку з АМАПаўцам, калі тыя пачалі выхопліваць і затрымліваць пратэстоўцаў, якія сталі ў счэпку.

Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала менчука вінаватым паводле арт. 364 КК і прызначыла яму пакаранне, якое прасіў пракурор.

Акрам таго, супрацоўнік АМАПу, які пасля патасоўкі з Антонам не атрымаў цялесных пашкоджанняў і не звяртаўся ў медычныя ўстановы, кампенсавалі маральную шкоду ў 1000 рублёў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў