У Менску ўпершыню адбыўся беларускамоўны моладзевы конкурс ідэяў у фармаце TEDx


Першая інтэлектуальная канферэнцыя TEDxYouth@Minsk, спікерамі якой сталі 10 беларускіх старшакласнікаў, адбылася ў Менску на сцэне «Prime Hall» 18 траўня. Імпрэза праходзіла на беларускай мове, праект velcom YOUTH атрымаў падтрыманне Міністэрства адукацыі.

Сённяшняя канферэнцыя – фінал дадзенага праекту, які распачаўся яшчэ восенню 2018 года. Як распавёў кіраўнік аддзелу карпаратыўных камунікацыяў velcom | A1 Мікалай Брэдзелеў, за гэты час арганізатары атрымалі амаль тысячу заявак з больш чым 50 гарадоў Беларусі ад вучняў 10-11 класаў з праектамі па тэме культуры, тэхналогіяў і інклюзіі. З іх былі абраныя 10 фіналістаў. Трох старшакласнікаў з найлепшымі праектамі адправяць у Аўстрыю на дарослую канферэнцыю TED. Усе фіналісты атрымалі ў якасці прыза iPhoneXs.

Кіраўнік аддзелу карпаратыўных камунікацыяў velcom | A1 Мікалай Брэдзелеў

«Нашая канферэнцыя ўпершыню праходзіць выключна на беларускай мове, – падкрэсліў Брэдзелеў, – Гэта таксама адзін з самых важных пунктах карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці velcom | A1 і менавіта такім чынам мы падкрэсліваем нашую ўвагу да прасоўвання беларускай мовы і культуры».

Ліцэнзіят TEDx Іна Карней адзначыла, што гаворка ідзе пра «вялікі рэспубліканскі інтэлектуальны конкурс ідэяў», дзе школьнікам не толькі далі магчымасць распавесці пра свае праекты, але і навучылі, як лепш іх прэзентаваць – з кожным фіналістам працаваў персанальны трэнер. У рамках праекту была праведзеная серыя адукацыйных воркшопаў аб мастацтве прэзентацыі і навыках лідарскага майстэрства.

Дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Міністэрства адукацыі Павел Ліс падкрэсліў у размове з журналістам, што дадзены праект з’яўляецца важным прыкладам таго, што могуць рабіць органы ўлады ў супрацы з прыватным бізнесам.

Дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Міністэрства адукацыі Павел Ліс

«Мы падтрымалі сусветна вядомую канцэпцыю TED. Канцэпцыя дазволіць нам вырашыць некалькі праблемаў якія ёсць у сучаснай моладзі: гэта падрыхтоўка да ўласных праектаў і распрацоўка сваіх бізнес-ідэяў. Каб яны маглі пасля школы ва ўніверсітэтах рабіць і прэзентаваць свае праекты. Што датычацца адукацыйнай часткі, то ў межах праекту было шмат мерапрыемстваў, якія дапамаглі вучням атрымаць новыя веды ў камунікацыях і тэхнічных галінах. Я спадзяюся што гэты прыклад не стане адзіным, такія канферэнцыі будуць праходзіць штогод», – адзначыў ён.

Канферэнцыя TEDxYouth@Minsk, 18 траўня

Сярод дзесяці фіналістаў – вучні 10-11 класаў з розных гарадоў Беларусі. Кожны меў 10 хвілінаў на тое, каб распавесці пра свой праект са сцэны канцэртнай залы Prime Hall.

Канферэнцыя TEDxYouth@Minsk, 18 траўня

Ілля Баркоўскі з Гомля прэзентаваў праект для ўстаноўкі ў горадзе QR-кодаў з інфармацыяй пра помнікі архітэктуры ды іх аўтараў. Юлія Стэфняк з Менску прэзентавала гарадскі мабільны навігатар для людзей, якія перамяшчаюцца ў інвалідных вазках. Артур Царыковіч са Слуцку падзяліўся досведам рэалізацыі мабільнага дадатку для таго, каб распазнаваць і даваць інфармацыю аб творах выяўленчага мастацтва. Паліна Мураева распявала сваю ідэяў асаблівай арт-прасторы, дзе людзі атрымаюць магчымасць вучыцца розным спосабам самавыяўлення незалежна ад асаблівасцяў свайго фізічнага стану.

  • TEDx – гэта сусветна вядомая канцэпцыя збору і распаўсюду ўнікальных ідэяў у фармаце канферэнцыяў. Канцэпцыю стварылі ў ЗША яшчэ ў 80-ых. Рух прыйшоў і ў Беларусь. Праект TEDxYouth@Minsk праводзіла кампанія velcom | A1 пры падтрыманні Міністэрства адукацыі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў