У Менску ўкраінскай журналістцы міліцыя загадала «з'ехаць і не вяртацца»


Расея і Беларусь уключылі ўкраінскую журналістку Міхайліну Скорык у «чорны спіс» – яна даведалася пра гэта падчас паездкі ў Менск.

«У Менск было варта злятаць хаця б, каб даведацца, што мяне ўнеслі ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд у Расейскую Федэрацыю. Людзі з «чорнага спісу» Крамля таксама вельмі непажаданыя ў Рэспубліцы Беларусь, таму што тут – «саюзная дзяржава», – напісала Скорык ў Facebook.

Міхайліна Скорык з 2015 года не належыць да штату ніводнай рэдакцыі, а займаецца адукацыйнай і аналітычнай дзейнасцю: праводзіць семінары і трэнінгі для медыйшчыкаў, у тым ліку прысвечаныя мове варажнечы ў СМІ і верыфікацыі навінаў, барацьбе з фейкамі. Да таго ж, перад візітам у Беларусь яна кансультавалася з МЗС датычна бяспекі паездкі.

Як Скорык распавяла belsat.eu, у Менск яна прыляцела з Кіева ўвечары 14 снежня ў госці да сваіх сяброў і планавала прабыць тут пяць дзён.

«Я спакойна прайшла пашпартны кантроль, ніякіх пытанняў да мяне ў аэрапорце не ўзнікла. У міграцыйнай картцы пазначыла свой украінскі нумар мабільнага. А ў суботу 16 снежня на гэты нумар мне патэлефанавалі з Фрунзенскага РУУС, чалавек назваўся Арцёмам Аляксандравічам і запрасіў тэрмінова на размову ў аддзяленне», – распавядае Скорык.

У РУУС інспектар аддзелу па грамадзянстве і міграцыі Арцём Федасееў паведаміў ёй, што яна «знаходзіцца ў спісе асобаў, якім забаронены ўезд у РФ».

«Ён сказаў, што ў Беларусі я вельмі непажаданая асоба, мушу з’ехаць і больш не вяртацца. Пры гэтым Расея і згадкі пра расейскія «чорныя спісы» гучалі толькі ў вуснай гутарцы, у пратаколе, які склаў інспектар, гэтая інфармацыя не фігуруе. Таксама ён запытваў, ці маю я дачыненне да нейкай тэрарыстычнай арганізацыі… Дык у нас ва Украіне тэрарысты – гэта ДНР з ЛНР, да іх я дакладна дачынення не маю!», – гаворыць журналістка.

Скорык падкрэсліла, што штамп ад дэпартацыі ў пашпарт ёй не паставілі, на мяжы прэтэнзій не прад’яўлялі. Пры гэтым яна не бачыла і «стоп-ліст», пра які казаў інспектар.

«У Менску я перыядычна бывала ажно з выбараў у 2001 годзе, раней праблем не ўзнікала. Чаму патрапіла ў спісы – не разумею, небяспекі я не ўяўляю. Мой муж ваяваў за Украіну ў складзе падраздзялення Нацгвардыі і загінуў у баі ў Ілавайску ў 2014-м… Яны ў Расеі ўжо ўдоваў залічваюць да «небяспечных»? Так, Расея для нас – краіна-агрэсар, але Менск жа пазіцыянуе сябе як нейтральную пляцоўку»

Міхайліна Скорык мае намер абскардзіць унясенне яе ў »чорныя спісы« і кажа, што ад час ад часу хацела б наведваць Беларусь.

***

Нагадаем, у ліпені у Беларусь не прапусцілі журналістку Аксану Каваленку – ёй забаранілі ўезд на падставе тых жа «чорных спісаў». А ў лютым журналіста Віталя Сізова затрымалі, а пасля дэпартавалі з Беларусі, куды той прыехаў, каб асвятляць паседжанне Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе. «Стоп-ліст» распаўсюджваецца і на ўкраінскіх дзеячоў культуры: у студзені гэтага года аналагічны інцыдэнт здарыўся з вядомым паэтам Сяргеем Жаданам.

Украіна дагэтуль не атрымала ад Менску ніякіх тлумачэнняў датычна дэпартацыі сваіх грамадзян.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў