У Менску ў калодзежы знайшлі целы будаўнікоў. Справу расследуе Следчы камітэт


Следчы камітэт расследуе гібель працаўнікоў у цэнтры Менску. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Менгарвыканкаму.

26 чэрвеня на скрыжаванні праспекту Дзяржынскага і вуліцы Клары Цэткін, дзе завяршаецца пераабсталяванне руху па плошчы Багушэвіча, трое працаўнікоў адной з будаўнічых арганізацыяў пракладвалі электрычны кабель праз праезную частку праспекту. Усіх траіх знайшлі без прытомнасці ў кабельным калодзежы.

Медыкі на месцы пацвердзілі смерць дваіх мужчын. Трэці шпіталізаваны са страсеннем мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, ранкамі галавы і пляча.

Спецыялісты МНС замералі паветра ў калодзежы на наяўнасць атрутных рэчываў. Перавышэнняў гранічна дапушчальных канцэнтрацыяў небяспечных рэчываў яны не выявілі.

Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны расследуе няшчасны выпадак на вытворчасці са смяротным зыходам, каб даць ацэнку дзеянняў службовых асобаў будаўнічай арганізацыі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў