«У Менску цяпер будуюць толькі тыя, хто да бізнес-суіцыду не схільны». Чаму забудоўнікі не замарожваюць праекты

Усё цяпер у забудоўнікаў сумна і няпэўна. Але рэакцыі «замерці» не назіраецца. Усё праекты, што толькі пачынаюцца і якія можна было б паставіць на паўзу, рухаюцца. Як быццам забудоўнікі нешта ведаюць, што не ведаюць ўсе астатнія.

Глядзім: ГрандХаузІнжынірынг, які набыў на аўкцыёне за 9,5 мільёнаў долараў права забудаваць вялікі ўчастак уздоўж праспекта Дзяржынскага, практычна скончыў адсяленне і знос (а гэта каля 10 мільёнаў выдаткаў) і рыхтуе пляцоўку пад будаўніцтва першага дома.

Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Пачаў знос набытага на аўкцыёне (амаль за 9 мільёнаў долараў) тралейбуснага парку №1 ля Плошчы Перамогі і А-100 Дэвелапмент. Мала таго, А-100 выкупляе Дрымлэнд – і пайшлі размовы, што будуць будаваць жытло.

Не адмяніла планы па будаўніцтве ЖК на чыгуначнай і група кампаній ViVa Invest. Праект лічыцца інвестыцыйным, у абцяжараннях – знос завода.

«Зрабіла» пасля адсялення двухпавярховак пляцоўку пад першую чаргу будаўніцтва дома на Р. Люксембург кампанія «Арэса-Сэрвіс». Нагадаем, участак кампанія купіла ў 2018-м з аўкцыёну за мільён рублёў, але знесці трэба было 8 будынкаў, з іх два жылыя двухпавярхоўкі, рассяліць жыхароў было нятаннай нагрузкай).

Астатнія забудоўнікі – ад Айрана да ТЕНКінвесту – паскорыліся, будуюць тэмпамі, якія, падобна, перавышаюць дакрызісныя.

Два тлумачэнні хуткасці

Першае тлумачэнне хуткасці – тэрміны. Прадаюцца з малатка або прадастаўляюцца пад рэалізацыю інвестпраекта не участкі, а права іх забудаваць. І яно не бестэрміновае. Не ўкладваешся ў тэрміны – губляеш участак. Нават калі там ужо ёсць твае сеткі, кагосьці ты адсяліў, і гатовы праект. Прэцэдэнты былі – не ўсе забудоўнікі, якія «хапнулі» пляцоўку, разлічылі сілы правільна. Землі згодна з дакументамі вярталіся гораду, той іх альбо выстаўляў на таргі, альбо перадаваў па чарговым указе іншаму дэвелаперу.

Другое тлумачэнне хуткасці – негалосны аптымізм. Няма інтэрв’ю, у якіх уладальнікі будаўнічых бізнесаў распавядаюць, з кім яны – з «народам» або «за бацьку». Толькі «сябар Лукашэнкі» Тапас актыўна дэманструе падтрымку рэжыму, – штодня на яго бізнес-цэнтры Аякс светлавая рэклама букмекерскай канторы перамяжоўваецца дэманстрацыяй дзяржаўнага сцяга. Астатнія проста не забараняюць рабочым упрыгожваць абʼекты нацыянальнымі сцягамі (у Менск-Міры, нагадаем, будаўнікі не сербы, будуюць нанятыя беларускія падрадчыкі). Няма звестак пра рэпрэсіі ў дачыненні да тых, хто трапіўся на мітынгу або ў абед стаяў у ланцугу салідарнасці. Зрэшты, і будаўнікі пакуль не зрывалі працоўны працэс забастоўкай.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Адзін з саўладальнікаў кампаніі-дэвелапера ў прыватнай гутарцы патлумачыў: без аптымізму нікуды. Перажылі крызіс 2015-га, і далей будзем выжываць. Калі мы ідзем-такі да дэмакратыі і захавання законнасці, наперадзе ёсць перспектывы. Гарадскія ўлады будуць нарэшце выстаўляць участкі на аўкцыёны, будзе дзе будаваць. Так, у крызіс прыйдзецца працаваць ледзь не ў нуль, дзеля выжывання, але будаўнічы бізнес разлічаны на доўгія цыклы. Рэалізацыя аднаго праекту (будаўніцтва невялікага, на адзін-чатыры дамы жылога комплексу) займае звычайна тры-пяць гадоў, буйнога праекту – і 10 гадоў.

Праз тры гады, калі ў бліжэйшыя месяцы зменіцца ўлада, будзем выходзіць з крызісу. Будуць пакупнікі для таго, што пабудавана, будуць расці даходы насельніцтва і, што важна, патрэба ў якасным, новым жытле.

«Страціць аптымізм цяпер, замарозіць праекты роўна бізнес-самагубству. А ў Менску цяпер будуюць толькі тыя, хто не схільны да суіцыду», – рэзюмуе прадпрымальнік.

Менск-Мір: асаблівы аптымізм

Асаблівая тэма – найбуйнейшая будоўля сталіцы – Менск-Мір ад Даны Холдынгз. У смутны час кампанію, якую называюць «кашалёк самі ведаеце каго», вырашылі ўмацаваць і гарантаваць пажыццёвы прыбытак.

20 кастрычніка Лукашэнка падпісаў указ: цяпер «Дана» можа будаваць на пляцоўцы наагул усё, што ўздумаецца, ні з кім нічога не ўзгадняючы і не азіраючыся на святая святых усіх забудоўнікаў – горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання. Асобна прапісана, што далі дабро на стварэнне адзінай кіроўнай кампаніі (чытай, ЖЭСа ад дадзены) для ўсяго Менск-Міру. Гэты ЖЭС зможа прызначаць свае тарыфы за абслугоўванне, а значыць, зарабляць на жыхарах і пасля таго, як усе дамы будуць прададзеныя і заселеныя. Выбару ў жыхароў не будзе. З іншага боку, адзіная кіроўная кампанія, што добра працуе, возьме на сябе і выпраўленне хібаў, дапушчаных забудоўнікам.

Цікава будзе назіраць за лёсам «кашалькоў» – Даны і Тапаса. Але аптымізм у кампаніяў не пусты – жытло дабудуюць пры любой уладзе, ніхто не захоча біць па дольшчыках. Але вось ўказы, якія рэгулююць іх дзейнасць, у нармальным свеце проста немагчымыя.

Наталля Літоўская/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў