Кірыл Галанаў і Уладзь Сакалоўскі пакараныя 10 соднямі за песню «Перамен!»


Гукарэжысёры Кірыл Галанаў і Уладзь Сакалоўскі, якія ўчора ўключылі песню Цоя «Перамен!» у Кіеўскім скверы, прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці. Галанаву і Сакалоўскаму далі 10 содняў арышту, паведамляе карэспандэнт belsat.eu

Абодва дыджэя былі затрыманыя ўчора ўвечары, пасля афіцыйнага мерапрыемства ў Кіеўскім скверы. Цяпер яны знаходзяцца ў ЦІП. Іх судзяць дыстанцыйна ў судзе Цэнтральнага раёну. Справу Галанава разглядала суддзя Вікторыя Шабуня.

Суд Цэнтральнага раёну Менску. Фота – belsat.eu

На Галанава і Сакалоўскага складзеныя пратаколы паводле арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне міліцыі). Дыджэяў вінавацяць у «наўмысным зрыве мерапрыемства ў запланаваны парадку» і «непадпарадкаванні пры затрыманні».

Затрымлівалі іх пяць міліцыянтаў: два ў форме, тры ў цывільным. Сведкі-міліцыянты сцвярджаюць, што па рацыі яны атрымалі сігнал аб парушэнні ўключэння музыкі. Потым хлопцы нібыта ад іх пачалі уцякаць на скрыжаванні ў раёне крамы «Мілавіца», не рэагавалі на словы «Стаяць, міліцыя» і не хацелі сядаць у аўтамабіль.

Галанаў на судзе заявіў, што афіцыйная мерапрыемства ўлады прызначылі спецыяльна, каб сарваць мітынг Ціханоўскай. Паводле дыджэя, ён уключыў «Перамен!» ужо пасля сканчэння афіцыйнага канцэрту, таму яго нельга вінаваціць у зрыве мерапрыемства.

Галанаву ў выніку далі 10 содняў арышту – 5 содняў паводле арт. 17.1 і 5 паводле 23.4 КаАП.

Гукачы Палацу дзяцей і моладзі Кірыл Галанаў і Уладзь Сакалоўскі.
Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Нагадаем, 6 жніўня некалькі тысяч менчукоў сабраліся ў Кіеўскім скверы Менску, каб выказаць салідарнасць і падтрымку кандыдату ў прэзідэнты Святлане Ціханоўскай. Авацыямі ўсе прысутныя сустрэлі песню Віктара Цоя «Перамен», якую нечакана ўключылі дыджэі афіцыйнага свята – «Дзень адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі».

Неўзабаве каля музычнага цэнтру, які забяспечваў музычнае аздабленне свята, з’явіліся прадстаўнікі ўладаў, якія выключылі музыку і заблакавалі працу гукарэжысёраў, гэтае відэа ўжо стала вірусным. Як патлумачылі дыджэі, яны – супрацоўнікі Палацу дзяцей і моладзі, іх змусілі працаваць на дзяржаўнай імпрэзе, але яны таксама прыхільнік перамен і гэтак выказалі сваю пазіцыю. Людзі ў скверы скандавалі гукарэжысёрам «Малайцы!»

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў