У Менску распачаўся працэс «ашмянскіх мытнікаў»


Праграма «Белсату» пра «справу мытнікаў»

У судзе Партызанскага раёну Менску пачаўся працэс па справе ашмянскіх мытнікаў. На лаве падсудных – 11 асобаў, якім высунутае абвінавачванне ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу).

Пяцёра абвінавачаных знаходзяцца пад вартай, астатнія – пад хатнім арыштам. Сярод абвінавачаных – беларускамоўны мытнік-краязнаўца з Астравеччыны Алесь Юркойць.

Жонка Алеся Юркойця пра судовую справу

Справа слухаецца пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Супруна, дзяржабвінавачванне прадстаўляюць два пракуроры.

Увесну 2015 года некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў пункта пропуску «Каменны лог» былі затрыманыя. Іх абвінавацілі ў карупцыі і хабарніцтве, арганізацыі наладжанай схемы па няплаце мытных плацяжоў. Сумы хабару складалі ад $ 250 да $ 3 тыс. – у залежнасці ад колькасці грузаў.

Па справе мытнікаў выказваўся Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік краіны заявіў, што нелегальны прыбытак мытнікаў “ішоў на мільярды”. Пасля КДБ паведаміў, што па месцы жыхарства ўдзельнікаў групы сканфіскавалі больш за $ 2,2 млн наяўнымі.

Паводле арт. 430 ч. 3 Крымінальнага кодэксу абвінавачаным пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі.


Чытайце інтэрв’ю з Ганнай Юркойць, жонкаю арыштаванага мытніка >>> «Паўгода – ніякіх следчых дзеянняў. Сядзіць і ўсё»

“Я чаму так упэўненая, руку магу даць на адрэз, што ён не ўдзельнічаў ні ў якіх цёмных справах на мытні? Бо я яго ведаю, і адказнасць яго – не пустыя словы. Казала яму часам, ну стаіць чарга на пераходзе, але і табе трэба паспаць схадзіць. А ён кажа, маўляў, не магу, пакуль людзі стаяць. Прыходзіў з працы «учарнеўшы», як маці казала… Нават не еў, спаць адразу валіўся”.


 

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў