У Менску судзяць 19-гадовую дзяўчыну за блакаванне дарогі


Рэната Смірнова ў судзе.
Фота: Белсат

У судзе Заводскага раёну Менску адбываецца паседжанне ў справе 19-гадовай Рэнаты Смірновай, паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Дзяўчыну вінавацяць паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Рэнаце Смірновай пагражае да трох гадоў пазбаўлення свабоды.Справу вядзе суддзя Кацярына Мурашка, дзяржаўны абвінаваўца – Зубік.

Згодна з матэрыяламі справы, Рэната Смірнова груба парушыла грамадскі парадак на праспекце Незалежнасці: доўга пляскала ў далоні, крычала лозунгі і стаяла ў счэпцы. А таксама блакавала рух транспарту шляхам выхаду на дарогу, такім чынам стварыла перашкоду для руху грамадскага транспарту (праспект Незалежнасці 95а).

«Менсктрансу» нанесеная шкода памерам 10 680 рублёў 76 капеек.

Рэната заявіла, што суду давярае і віны не прызнае.

Рэнату Смірнову затрымалі разам з хлопцам 1 лістапада на Маршы супраць тэрору ў Менску. Крымінальную справу распачалі паводле арт. 342 КК і адпусцілі. Была затрыманая пры мінанні мяжы.

У дзяўчыны захворванне дыхальных шляхоў, яна павінна была прайсці рэабілітацыйнае лячэнне ў Вільні, куды і накіроўвалася.

Сведкам выступіў Іван Зубко, іх разам затрымалі. Яму таксама выстаўлена абвінавачванне па арт. 342 КК. На судзе ён сказаў, што яна яго нявеста. Сказаў, што тады выходзілі тысячы людзей і нельга казаць, што толькі яны блакавалі дарогу, выйшлі супраць гвалту.

У судзе паказвалі відэа, дзе дарога была ўжо перакрытая, насупраць пратэстоўцаў стаялі сілавікі, які накіроўвалі зброю наўпрост на пратэстоўцаў, апошнія паднялі рукі.

Па словах сведкі, у той дзень яны мелі былі ісці да Курапатаў. Калі пабачылі сілавікоў, людзі сталі ў счэпку, ён стаў у першым шэрагу. Адтуль яго выцягнулі і затрымалі. Калі гэта пабачыла Рэната, то папрасілася да яго ў аўтазак.

Рэната распавяла, што супрацоўнікі міліцыі самі перакрылі рух, і толькі тады людзі пачалі выходзіць на дарогу, бо яна была пустая. Яе словы пацвердзіў відэазапіс, дзе было бачна, як людзі выходзяць на пустую праезджую частку.

Івана жорстка затрымлівалі, цягнулі за шыю. Дзяўчына ўбачыла гэта, прасіла не душыць і пайшла за ім у аўтазак, але ёй сказалі ісці дадому. Яна была супраць, яе ўсё-такі затрымалі. У аўтазаку ўзялі за валасы і паставілі на калені. Казала, што не адмаўляецца ад таго, што выходзіла на дарогу, але не лічыць гэта крымінальнай справай.

У судзе абвесцілі перапынак.

А 14:15 скончыўся перапынак. На судзе выступілі сведкі.

Рэнату Смірнову вядуць ў судовы зал.
Фота: Белсат

Сведка № 1 – Андрэй Назараў, супрацоўнік АМАПу, імя зменена. Сведка ў зале судовага пасяджэння знаходзіцца ў балаклаве. Кажа, што першапачаткова АМАП знаходзіўся каля цэнтральнай бібліятэкі, пазней паступіў загад перасунуцца да крамы «Harley Davidson», туды, дзе былі пратэстоўцы. Паводле яго, людзі не спыняліся і далей ішлі на іх.

Сведка № 2 – амапавец Сяргей Кахарчук, камандзіра ўзвода.

Сведка № 2 – Аляксандр Свірыда, супрацоўнік АМАПу. На пытання адказвае няўцямна. Кажа, што пратэстоўцы «выкрыквалі гэтыя антыдзяржаўныя лозунгі», але ніводнага назваць не змог.

Усё трое кажуць, што спачатку былі каля бібліятэкі, пасля перайшлі да парку Чалюскінцаў, дзе былі пратэстоўцы. Ніхто з іх не затрымліваў Рэнату.

Рэната Смірнова ўзяла слова:

«Я не разумею, як за 8 хвілін на дарозе, якую дагэтуль ужо перакрыла міліцыя, магла нанесці шкоду ў 10 тысяч. Чаму ўвогуле з мяне патрабуюць гэта, там было шмат людзей. Я лічу гэта нелагічным». Адвакат патрабуе разглядзець гэтую справу з Менсктрансам пазней.

Пракурор папрасіў для Рэнаты Смірновай абмежавання волі на два гады, арышт змяніць на нявыезд, арышт з маёмасці пакуль не здымаць. Адвакат кажа, што ніхто са сведак Рэнату не затрымліваў і не бачыў яе ў той дзень. Дагэтуль на дзяўчыну ўжо склалі 23.34 за той дзень, паводле якога ўжо быў штраф (за аднолькавыя дзеянні нельга заводзіць дзве справы – увага belsat.eu).

Ад апошняга слова Рэната Смірнова адмовілася. Рашэнне будзе прынятае 29 студзеня.

АД belsat.eu

Стужка навінаў