У Менску студэнта пакаралі 2 гадамі калоніі нібыта за гвалт у дачыненні амапаўца


Суд Савецкага раёну Менску 15 снежня пакараў студэнта 2 гадамі калоніі паводле арт. 364 КК (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў).

Паводле прэс-рэлізу Вярхоўнага суду, 17 кастрычніка студэнт Б., знаходзячыся паблізу аднаго з дамоў па вуліцы Казлова ў Менску, «з мэтай пазбягання затрымання за здзяйсненне адміністратыўнага правапарушэння, прадугледжанага ч.1 арт.23.34 КаАП, ужыў фізічны гвалт у дачыненні да працаўніка АМАП». Паводле абвінавачвання, студэнт нанёс амапаўцу «не менш аднаго ўдару рукой у вобласць твару, чым нанёс пацярпеламу Ч. фізічную боль, пакуты і цялесныя пашкоджанні, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў па прыкмеце кароткачасовага расстройства здароўя».

Хлопцу прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У прэс-рэлізе не называецца імя студэнта і не паведамляюцца дэталі справы. Але раней МУС паведамляў пра інцыдэнт, які меў месца падчас студэнцкай акцыі пратэсту 17 кастрычніка на вуліцы Казлова. Адзначалася, што 20-гадовы берасцеец «ударыў супрацоўніка каленам у твар, калі той яго затрымліваў». На відэа, апублікаваным МУС, хлопец тлумачыў, што дзейнічаў ненаўмысна:

«Я проста ўцякаў. Магчыма, я вас зачапіў… Я нават не адчуваў. Я проста ўцякаў і ўпаў. Локцем я стукнуўся, калі ўпаў аб асфальт. Я лічу, што не кранаў. А калі зачапіў, то ненаўмысна».

Імаверна, прэс-рэліз МУС ад 19 кастрычніка і прэс-рэлізе Вярхоўнага суду ад 17 снежня гаворка ідзе пра аднаго і таго ж студэнта.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў