У Менску скончыўся конкурс на стварэнне брэнду гораду. Паглядзіце, які лагатып перамог


Скончыўся конкурс «Менск – твае яскравыя асацыяцыі», перадае агенцыя «Менск – навіны». Перамагла ў конкурсе студэнтка БДУІР.

Сёння падвялі вынікі конкурсу «Менск – твае яскравыя асацыяцыі». Пераможцаю стала студэнтка факультэту радыёэлектронікі БДУІР Яна Стрыгельская. Яна ніколі не займалася прафесійна распрацоўкай лагатыпаў. Удзел у конкурсе – ейная першая проба пяра.

«Выбіраючы сімвалы адштурхоўвалася ад таго, што турыстычны імідж любога гораду – яго гістарычная і культурніцкая спадчына. Манумент Перамогі, Нацыянальная бібліятэка і »Вароты Менску« яскравыя і пазнавальныя, таму іхная прысутнасць у лагатыпе досыць лагічная. Канешне, яна стылізаваныя», – пракаментавала сваю працу Яна.

Гэты лагатып заняў 1-ае месца.
Фота: minsknews.by

Другое месца заняў Канстантын Антанюк. Ён атрымаў дыплом ўэб – дызайнера, аднак зараз не працуе па прафесіі, толькі што хлопец вярнуўся з войску.

«Менск – мой родны горад. Вельмі яго люблю, ад першай і да апошняй цэглы. У сваёй эмблеме вырашыў не вылучаць нейкі адзін аб’ект у якасці сімвалу беларускай сталіцы. Перад тым, як узяцца за справу, натхняўся паэзіяй, вершамі аб Менску».

Ідэі для лагатыпу Канстантын браў з арнаменту, колеры: белы – сімвал чысціні ды блакітны – сімвал дабрыні. Слоган «Душа Еўропы» – спасылка да месцазнаходжання Беларусі.

Гэты лагатып заняў 2-ае месца.
Фота: minsknews.by

Трэцяе месца заняў Уладзімір Лось, мастак – канструктар у «Менскрэкламе».

«У лагатыпе я выкарыстаў два асноўных сімвала. Першы – загалоўная літара назвы сталіцы. Яна ж сімвалізуе сяброўскі поціск рукі. Другі – графічная выява вежаў – блізнюкоў, архітэктурнага ансамблю на Прывакзальнай плошчы, які стаў візітоўкай нашага гораду».

Гэты лагатып заняў 3-ае месца.
Фота: minsknews.by
  • Конкурс арганізоўваў інфармацыйна – турыстычны цэнтр «Менск». Агулам удзельнікі даслалі 56 прац.
  • Галоўнымі крытэрыямі сталі арыгінальнасць, мастацкасць, тэкставае абгрунтаванне і эстэтыка працаў.
  • Лагатып – пераможца плануюць наносіць на брашуры, транспарт і выкарыстоўваць падчас удзелу ў міжнародных выставах і іншых падзеях.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў