У Менску прыдумалі новы спосаб барацьбы з «зайцамі»


Ілюстрацыйнае фота Natalia Fedosenko / ТАСС / Forum

Вадзіцелі менскіх аўтобусаў будуць блакаваць валідатары паміж прыпынкамі. Такім чынам «Менсктранс» хоча дамагчыся, каб больш пасажыраў аплочвалі праезд.

Блакаванне валідатараў вадзіцелі будуць выконваць уручную паводле свайго меркавання.

«Праз нейкі прамежак часу пасля таго, як пасажыры зайшлі ў аўтобус, кіроўца павінен будзе паглядзець у люстэрка задняга выгляду і пераканацца, што ніхто не стаіць каля кампосцера. Калі нікога няма, ён блакуе сістэму аплаты», – распавялі «Белсату» на прадпрыемстве.

Калі новаўвядзенне пачне дзейнічаць, яшчэ не вырашылі, але рэкламны аддзел «Менсктрансу» ужо запісаў адмысловую аб’яву аб тым, што аплату праезду трэба выканаць да пачатку руху. Правіла закране толькі аўтобусы. Ці ўвядуць яго ў трамваях і тралейбусах – невядома.

«Абавязак аплаціць праезд да пачатку руху змяшчаецца толькі ў правілах пасажырскіх перавозак у аўтамабільным транспарце. У правілах электратранспарту – да наступнага прыпынку», – дадалі ў «Менсктрансе».

Раней намеснік гендырэктара «Менсктрансу» Віктар Тозік прызнаваўся ў размове з «Tut.by», што сістэма блакавання валідатараў паўстае, каб пасажыры не стаялі каля дзвярэй ды не чакалі кантралёра, каб закампаставаць талон.

«Усё накіравана на тое, каб людзей прымусіць плаціць, каб ніхто не ездзіў зайцам», – тлумачыў Тозік.

  • Сёння таксама стала вядома, што з прычыны нездавальняючых вынікаў фінансавай справаздачнасці «Менсктранс» адмяняе аплату праезду банкаўскімі карткамі ў сталічных трамваях: за сем месяцаў працы сістэмы ў «Менсктрансу» і банку не сышліся лічбы.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў