У Менску пройдзе хакатон па праблемах змены клімату


Абмяркоўваць кліматычныя змены сёлета 25-26 кастрычніка будуць у 100 буйных гарадах свету адначасова. Менск таксама далучыцца да глабальнага руху па пошуку інавацыйных рашэнняў у змаганні са змяненнем клімату. Пра гэта паведамляе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Менскі Climathon засяродзіцца на вырашэнні гарадскіх праблем, звязаных з забруджваннем паветра, транспартам і пластыкавымі адходамі. Пасля інтэнсіўнай сумеснай працы будуць абраныя найбольш перспектыўныя і эфектыўныя ідэі.

Сусветным арганізатарам хакатона з’яўляецца Climate-KIC – найбуйнейшае ў Еўропе дзяржаўна-прыватнае партнёрства, дзейнасць якога сканцэнтравана на кліматычных інавацыях у мэтах адаптацыі да кліматычных змен і змякчэння наступстваў гэтых зменаў.

У Беларусі арганізатарам мерапрыемства выступае ініцыятыва «Моладзь за ўстойлівае развіццё».

Кожны арганізатар Climathon вызначае мясцовыя найважнейшыя кліматычныя праблемы ў супрацы з органамі ўлады і грамадскімі партнёрамі. Хакатон абʼяднае прадпрымальнікаў, наватараў у розных сферах, ІТ-спецыялістаў і дызайнераў.

Упершыню кліматычны хакатон адбыўся ў Менску ў 2017 годзе. Тады ў цэнтры ўвагі былі праекты па зборы смецця, устаноўка сонечных батарэяў ды іншыя рашэнні для «разумнага» гораду.

КА belsat.eu

Стужка навінаў