У Менску пройдзе фестываль традыцыйнай музыкі «Rajok»


У Менску 14-15 верасня ўпершыню адбудзецца фестываль традыцыйнай музыкі «Rajok» – ён пройдзе на пляцоўцы Нацыянальнага гістарычнага музею.

Арганізатары фэсту беларускай традыцыйнай музыкі «Rajok» плануюць пазнаёміць слухачоў з самымі яскравымі прыкладамі беларускай фольк-музыкі: ад аўтэнтычных носьбітаў традыцыі да сучасных этна-выканаўцаў. У праграме – мона-спектакль лідара гурта «Троіца» Івана Кірчука «Дарожка», выступы гуртаў Vuraj, Re1ikt і H.S.P, калектываў «Варган» і «Рада» ды інш.

Кошт квітка для дарослых – 8 рублёў. Для школьнікаў, студэнтаў і пенсіянераў – 5 рублёў.

Вокладка Tradycyja – Бяседныя песні

Падчас фэсту праект «Tradycyja» прэзентуе кнігу-CD «Бяседныя песні» – там сабраныя застольныя песні з розных рэгіёнаў Беларусі з 1960-х гадоў да нашага часу. Усе кампазіцыі выдадзены ўпершыню.

Як распавядае музыкант, кіраўнік праекту «Tradycyja» Сяргей Доўгушаў, запісы на дыску «Бяседныя песні» складаюцца з дзвюх частак. Першая – песні і найгрышы з Архіва Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, сабраныя ў экспедыцыях пачынаючы з 1960-х. Другая частка – студыйныя запісы Таццяны Песнякевіч, запісаныя пераважна ў студыі Дома радыё ў Менску.

Выданне зроблена ў выглядзе кніжкі з вышыўкай на вокладцы і багата ілюстравана старымі фотаздымкамі. Усяго рэліз складаецца з 34 кампазіцый.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў