У Менску прэзентуюць кнігу Людмілы Хмяльніцкай «Лёс інсургента»


5 лістапада ў 18:30 у Менску ў Доме-музеі Ваньковічаў у межах цыклу «Месяц польскай літаратуры» адбудзецца прэзентацыя кнігі Людмілы Хмяльніцкай «Лёс інсургента: Дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе».

Абвестка вечарыны.
Фота: instpol.by

Аляксандр Рыпінскі быў адным з выбітных дзеячаў польска-беларускага культурнага памежжа, вывучаў беларускі фальклор і ўдзельнічаў у вызвольным паўстанні 1830-1831 гадоў, пасля чаго быў змушаны эміграваць. Быў паэтам і адным з першых беларускіх фатографаў, даследаваў беларускую літаратуру і быў аўтарам першай кнігі пад назвай «Беларусь» («Białoruś»).

Ягоная біяграфія выйшла ў серыі «Наша ХІХ стагоддзе» выдавецтва «Лімарыус» пры падтрымцы Польскага Інстытуту ў Менску, паведамілі ва ўстанове.

Дакументальная аповесць віцебскай даследчыцы Людмілы Хмяльніцкай заснавана на архіўных матэрыялах. Сярод герояў кнігі таксама паэты Адам Міцкевіч і Вільгельм Кюхельбекер, палітыкі Адам Ежы Чартарыйскі і Анджэй Тавяньскі, імператары і міністры, дыпламаты і вайскоўцы. У кнізе апісваецца жыццёвы шлях Аляксандра Рыпінскага ад навучання ў Віцебскай базыльянскай гімназіі да жыцця ў эміграцыі і вяртання на радзіму, прадстаўляецца агляд друкаванай і нявыдадзенай творчай спадчыны. Упершыню падрабязна разглядаюцца апошнія гады жыцця, падаюцца дата смерці і месца пахавання.

Аб’ектыў
Копію акту Люблінскай уніі паказалі ў Гістарычным музеі
2019.10.24 23:11

У прэзентацыі возьмуць удзел:

Людміла Хмяльніцкая, гісторык культуры, аўтарка кнігі;

Ірына Багдановіч, кандыдат філалагічных навук, старшыня Менскай гарадской арганізацыі Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў;

Дзмітрый Матвейчык, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзелу Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі;

Сямён Букчын, кандыдат філалагічных навук, пісьменнік

Мадэратар – Аляксандр Фядута, доктар габілітаваны гуманітарных навук, каардынатар выдавецкай серыі «Наша XIX стагоддзе».

Уваход вольны.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў