У Менску праз пандэмію арэндных кватэр стала больш, чым арандатараў

Яшчэ ў лютым гаспадары арэндных кватэр указвалі ў аб’явах: здам толькі не сям’і з дзецьмі, толькі сям’і без жывёл, толькі не студэнтам. Зараз спіс патрабаванняў да арандатараў падкараціўся. Пандэмія ўдарыла па менскім рынку – арэндных кватэр стала больш, чым арандатараў. Узрушэння такіх маштабаў яшчэ не было.

Хто вызваліў плошчы

Першымі з адсутнасцю арандатараў сутыкнуліся ўладальнікі бізнесу па арэндзе на содні. Кватэры здымалі камандзіровачныя, расіяне, замежныя турысты. З закрыццём межаў іх не стала. Калі бізнес зразумеў, што гэта надоўга, пачаў скасоўваць дамовы з уласнікамі. Тыя, у сваю чаргу, вырашылі здаваць кватэры на працяглы тэрмін. Рынак папоўніўся добра«упакаванымі» кватэрамі ў папулярных лакацыях. Агенцтва нерухомасці палічылі, што іх доля –каля 2%, але гэтага хапіла, каб цэны на кватэры ў сегменце «дарагіх» праселі.

Але не толькі падзенне рынку кароткатэрміновай арэнды запусціла працэс. Колькасць свабодных кватэр павялічылася і праз тое, што з’ехалі замежныя спецыялісты – паспелі, пакуль не зачыніліся межы. Вырашылі перажыць пандэмію дома.

Попыт прасеў і за кошт адтоку з арэнднага жылля маладых сем’яў. Гэта, дарэчы, самы вялікі клас арандатараў – мінчукі, якія не хочуць жыць з бацькамі. Па іх гэтай вясной ударыў крызіс – у кагосьці ўпалі даходы ў валюце, хтосьці страціў працу. Маладыя перабраліся да бацькоў.

Новости
Застройщики ожидают снижения продаж. Как падение рубля ударило по рынку жилья
2020.03.27 07:44

Да іх дадаліся тыя, хто страціў працу, – працоўныя мігранты пацягнуліся ў рэгіёны, дзе таксама праблема з працай, але ёсць бацькоўскае жыллё. Сітуацыю маглі б ўраўнаважыць іншагароднія студэнты, якіх высялялі праз каранцін з інтэрнатаў – але яны вырашылі перачакаць праблемныя часы ў бацькоў.

Цяпер агенцтвы канстатуюць: прапанову арэнднага жылля ўдвая перавышае попыт.

Ціхія баталіі за цэннік

Большая частка рынку арэнды ў Беларусі – не прафесійная. Звычайныя сям’і здаюць кватэры, якія дасталіся ў спадчыну або пабудаваныя на будучыню для дзяцей. Людзі не сочаць за рынкам, не цікавяцца тэндэнцыямі. Менавіта такія арэндадаўцы менш за ўсё здольныя гандлявацца. Ім незразумела, чаму ўчора кватарант плаціў 300 долараў, а цяпер просіць знізіць кошт да 250-ці праз тое, што нешта здарылася з курсам. У пачатку красавіка тыя, хто не змог дамовіцца, страцілі кватарантаў. Менавіта такія кватэры прастойваюць і цяпер. Але трэба гэта прыняць – кошты ўжо знізіліся. У сярэднім на 50 долараў.

Многія кватэры ў цэнтры раней здаваліся на содні.
Фота: pixabay.com

Стандартная цана аднапакаёвай хрушчоўкі без рамонту і далёка ад метро цяпер не больш за 150 долараў, за $180-200 можна ўжо перабіраць такія ў раёне бульвара Шаўчэнкі, метро Грушаўка, у Сухараве. За $ 220-230 лёгка знайсці кватэру з добрым рамонтам і ўсёй неабходнай тэхнікай каля метро. $ 250 долараў – стандартная цана для простай, укамплектаванай мэбляй і тэхнікай двухпакаёвай кватэры ў спальным раёне.

Самы танны і камфортны варыянт абзавесціся дахам над галавой –зняць не пакой у гаспадароў, а двухпакаёвую кватэру на дваіх. Гэты варыянт разглядаюць учарашнія студэнты, якія засталіся працаваць у Менску – і аб’яў «шукаю суседа/суседку на падсяленне» цяпер стала прыкметна больш.

Арэндадаўцаў выратуюць студэнты?

Многія гады іншагароднія студэнты былі асноўнай сілай, што ўзнімала цэннік на арэнду менскіх кватэр бліжэй да восені. Але – сітуацыя мяняецца. Ударна будуюцца новыя інтэрнаты, ужо ў мінулым годзе ў дзяржаўных вну засялялі ўсіх першакурснікаў, хто мае патрэбу. Сцямілі і бізнесмены, што бацькі студэнтаў – небагаты, але стабільны плацельшчык. І ў Менску з’явіліся гасцявыя дамы і апартаменты, якія спецыялізуюцца на размяшчэнні менавіта студэнтаў. Бацькам абяцаюць прыгляд, у арэнду ўключаны камуналка, пральны парашок, туалетная папера і аўсяныя шматкі.

Увогуле, студэнцкага буму не было ў мінулым годзе, не варта на яго разлічваць і ў гэтым.

Добра спакаваную кватэру зараз можна зняць значна танней, чым раней.
Фота: pixabay.com

Што далей?

Пасля пандэміі вернуцца замежныя спецыялісты – і зоймуць «дарагія» кватэры. Вернецца бізнэс «на содні». Калі не здарыцца істотнага падзення даходаў, зноў паспрабуюць з’ехаць ад бацькоў маладыя сем’і. Цэны наўрад ці рэзка вырастуць – хутчэй, будуць карэктавацца: чым вышэйшыя даходы арандатараў, тым вышэй будуць выстаўляць цэны арэндадаўцы. Калі крызіс зацягнецца, кошты могуць знізіцца яшчэ на пару дзесяткаў долараў. Але не варта разлічваць, што хтосьці будзе здаваць жыллё за камуналку – усё ж такі ў Менску забяспечанасць квадратнымі метрамі на чалавека вельмі нізкая, а значыць, будуць і людзі, якім патрэбна арэнднае жыллё.

Чытайце іншыя артыкулы аўтара:

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў