У Менску прайшоў турнір па «Mobile Legends»: 40 чалавек гулялі на сваіх смартфонах


Правялі турнір 29 верасня на пляцоўцы бару «Ямайка» аматары гульні.

Фота: Марыя Арцыбашава / Belsat.eu

Упершыню ў Менску адбыўся турнір па гульне ў «Mobile Legends». Гэта гульня для мабільных тэлефонаў, якая ў 2017 годзе стала самым папулярным прыкладаннем у Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Па ёй праводзяцца сусветныя турніры, але да Беларусі хваля дайшла толькі цяпер. 29 верасня на пляцоўцы бару «Ямайка» сабраліся 8 камандаў па 5 гульцоў кожная. Таксама паглядзець на імпрэзу прыйшлі 70 гледачоў.

Справка
«Mobile Legends: Bang Bang» – гэта шматкарыстальніцкая гульня для мабільных тэлефонаў у жанры multiplayer online battle arena, распрацаваная і выдадзеная «Shanghai Moonton Technology». Сваю папулярнасць яна набыла ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Дзве каманды супернікаў змагаюцца за тое, каб знішчыць базу супрацьлеглай каманды, адначасова абараняючы сваю.

Цікава, што амаль ніхто з арганізатараў не мае досведу ў арганізацыі падобных турніраў. Але, паводле ўдзельнікаў, першы блін не стаўся комам. Адзінае, што замінала камфортнаму прагляду гульняў на шырокіх экранах – перыядычныя праблемы з трансляцыяй.

Адзін з арганізатараў, Сяргей Машковіч, кажа, што ідэя з’явілася пасля таго, як ён сам пачаў актыўна гуляцца ў «Mobile Legends».

Упершыню ў Менску адбыўся турнір па гульне ў «Mobile Legends».
Фота: Марыя Арцыбашава / Belsat.eu

– Гэтая гульня стала вельмі папулярная ў Беларусі, зараз толькі ў суполцы ў «Укантакце» зарэгістравана больш за 6 тысячаў актыўных гульцоў. Тым не менш, нашая краіна не была ўключаная ў спіс магчымых удзельнікаў лістападаўскага турніру ў Малайзіі. З мэтай таго, каб нас заўважылі, мы вырашылі арганізаваць свой турнір без афіцыйнай падтрымкі. У далейшым лепшыя каманды будуць уключаныя ў лігу, каб на наступныя міжнародныя турніры нам было каго вылучыць ад Беларусі», – кажа Сяргей.

Клім Шурыгін.
Фота: Марыя Арцыбашава / Belsat.eu

Калі казаць пра ўзрост удзельнікаў, то прысутнічалі тут як падлеткі, гэтак і людзі ўзросту «30+».

Кліму Шурыгіну 30 год, ён прыехаў на турнір з Масквы. У сваім горадзе ўдзелу ў падобных мерапрыемствах не прымаў, бо «на месцы няма каманды, уся каманда – з розных гарадоў і рэгіёнаў. Таму прыехаў у Менск падтрымаць сваіх». Шчыра прызнаецца, што на мэце мае перамогу, каб далей ужо мець магчымасць выйсці на міжнародны ўзровень.

Аляксандра Манькіна.
Фота: Марыя Арцыбашава / Belsat.eu

Аляксандра Манькіна (25 год) кажа, што з-за непаладак з тэлефонам не змагла ўдзельнічаць у гэтым турніры, але не прыйсці ўсё роўна не змагла, бо гульню вельмі любіць ды і сваю каманду варта было падтрымаць.

Пётр Косар.
Фота: Марыя Арцыбашава / Belsat.eu

«У такіх турнірах трэба ўдзельнічаць, бо не ўвесь жа час дома ў тэлефоне сядзець!» – кажа Аляксандра.

Самаму малодшаму ўдзельніку, Пятру Косару, – 14 год.

Фота: Марыя Арцыбашава / Belsat.eu

«Маці, канечне, не заўсёды задаволеная, што я пастаянна гуляюся, але перыядычна я зарабляю гэтым грошы, таму ўсё ж больш нейтральна адносіцца. Лічу гэтую гульню самай аптымізаванай і лепшай у сваім сегменце. У яе проста немагчыма не гуляцца», – распавядае Пеця.

Марыя Арцыбашава, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў