У Менску праходзіць «Дзень Польшчы»


Падчас імпрэзы можна будзе пакаштаваць польскіх страваў, набыць польскія кнігі, паслухаць польскі джаз і пагуляць у польскія спартовыя гульні.

У нядзелю каля менскае ратушы праходзіць «Дзень Польшчы». Мэта імпрэзы, якую супольна зарганізавалі ўлады беларускай сталіцы і польскія дыпламаты, – пазнаёміць менчукоў і гасцей гораду з культурай і традыцыямі нашых заходніх суседзяў, якія сёлета адзначаюць 100-годдзе аднаўлення незалежнасці.

«Белсат» ладзіць відэастрым з фэсту ад 14-й гадзіны.

Да самага вечару ў Верхнім горадзе будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі.

Мова

Як вывучыць польскую мову, распавядуць на адукацыйным кірмашы, які будзе працаваць за канцэртнай залай «Верхні горад» з боку вул. Энгельса. Тут можна будзе пазнаёміцца з рознымі навучальнымі праграмамі, паўдзельнічаць у моўных гульнях і конкурсах, а таксама набыць кнігі польскіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову.

Ежа

У дворыку гатэля «Манастырскі» (вул. Кірылы і Мяфодзія, 8) можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класах па прыгатаванні традыцыйных польскіх страваў ад вядомых шэф-кухараў з Польшчы. На працягу дня фудкорты з польскай ежай будуць таксама працаваць уздоўж плошчы Свабоды.

Рынга

Аматараў спорту чакае папулярная спартыўная гульня рынга, якую прыдумаў паляк Уладзімеж Стшыжэўскі больш за 50 гадоў таму. Падчас яе два гульцы або дзве каманды спаборнічаюць з дапамогай аднаго ці дзвюх гумовых кольцаў на пляцоўцы, падзеленай сеткай.

Музыка

Фэст скончыцца канцэртам польскіх калектываў «Jazz Band Młynarski-Masecki» і «Motion Trio». Першы выканае свінг, танга і даваенны польскі джаз у сучасных аранжыроўках, другі – трыа акардэаністаў – выклічуць эмоцыі, параўнальныя з рок-канцэртам.

ДД

Стужка навінаў