У Менску праходзіць антыкрызісны форум прадпрымальнікаў


На форуме ў гасцініцы «Беларусь» сабралася больш за тысячу прадпрымальнікаў.

Зала не змагла змясціць усіх жадаючых, некалькі сотняў чалавек былі вымушаныя стаяць у фае.

«Мы супраць таго, каб без нашага меркавання прымаліся ў дачыненні да нас законы тыя, хто зʼяўляецца наўпроставым канкурэнтам нашаму бізнесу. Калі за вас прымае рашэнне канкурэнт, які спіць і бачыць, што вас няма, гэта завецца лабіраваннем інтарэсаў», – заявіў лідар рэспубліканскага грамадскага абʼяднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

На яго просьбу былы суддзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў прааналізаваў указ прэзідэнта № 222 і прыйшоў да высновы, што гэты дакумент незаконна абмяжоўвае шэраг правоў грамадзянаў.

«То бок гэтыя законы прывялі да сацыяльнага канфлікту. У такім выпадку закон павінен быць неадкладна адменены ці прыпынены», – патлумачыў Анатоль Шумчанка.

Лідар «Перспектывы» прыгадаў «гісторыю барацьбы ўладаў з прадпрымальнікамі» і адзначыў, што ў сярэдзіне 2000-х гадоў былі прыклады, калі дзяржаве і прадстаўнікам малога бізнесу ўдавалася дамовіцца і дасягнуць кампрамісу.

На думку Шумчанкі, прадпрымальнікам, магчыма, трэба «скарыстацца сваім правам заканадаўчай ініцыятывы» і шляхам збору 50 тыс. подпісаў унесці ў парламент праект уласнага закона, які б стварыў спрыяльныя ўмовы для працы малога бізнесу.

Дзяржаўныя органы на мерапрыемстве прадстаўляюць намеснік кіраўніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і паслугаў Мінгандлю Андрэй Мяшкоў і кансультант дэпартаменту па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Валер Хомчанка.

Форум арганізаваны абʼяднаннем «Перспектыва».

З 1 студзеня 2016 года ў Беларусі дзейнічае ўказ кіраўніка краіны № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі». Згодна з ім, прадпрымальнікі павінны рэалізоўваюць прадукцыю легпраму, увезеную з краінаў Мытнага саюзу, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Аднак расейскія пастаўшчыкі, у якіх пераважна закупляюцца беларускімі індывідуальныя прадпрымальнікі, адмаўляюцца выдаваць такія дакументы. У выніку ў Беларусі прадпрымальнікаў штрафуюць і канфіскоўваюць іх тавар.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН, здымак «Радыё Свабода»

Стужка навінаў