У Менску пакажуць «Радзіва «Прудок» ад украінскага рэжысёра


Паказ спектакля «Гэтамы» паводле кнігі Андрэя Горвата «Радзіва «Прудок» адбудзецца 29 красавіка ў культцэнтры «Корпус». Новую пастаноўку ажыццявіў украінскі рэжысёр, мастацкі кіраўнік Кіеўскага тэатру на левым беразе Дняпра Стас Жыркоў.

«Радзіва «Прудок» Андрэя Горвата – адзін з галоўных беларускіх літаратурных бэстсэлераў апошніх гадоў. Ён распавядае пра самога аўтара, які калісьці працаваў у Менску, але, расчараваўшыся ў сталічным жыцці і пераехаў у палескую вёску Прудок, каб аднавіць дом свайго дзеда, вярнуцца да сваіх каранёў.

Праца над спектаклем «Гэтамы» была распачата восенню 2018 году на майстар-класе ў межах Міжнароднай тэатральнай акадэміі ў Мюнхене, арганізаванай саюзам моладзі ў Нямеччыне JunOste.V. У спектаклі занятыя беларускія акторы: Андрэй Новік, Дар’я Новік, Дзмітрый Давідовіч, Мікалай Стонька, Васіль Байдак, Антон Жукаў, Ілля Ясінскі. Рэжысёр Стас Жыркоў, заслужаны артыст Украіны.

«Я пазнаёміўся з творчасцю Андруся Горвата, калі трапіў на спектакль «Радзіва «Прудок» у Менску. Тады ж мне падарылі гэтую кнігу са словамі: «Гэта табе, Стас, ад беларускай інтэлігенцыі». А ўжо летам я павінен быў весці майстар-клас па сучаснаму драматычнаму тэатру ў межах тэатральнай акадэміі ў Мюнхене. Калі я даведаўся, што да мяне на курс запісаліся ўсе беларусы, вырашыў: што ж ставіць з беларусамі, калі не «Радзіва «Прудок»! Мы знайшлі агульныя кропкі судакранання – тое, што абʼядноўвала і было блізка акторам, што хвалявала менавіта іх. Уласна, з гэтага і паўстаў спектакль «Гэтамы». Гісторыя, калі не знаёмая кожнаму, то ўжо сапраўды цікавая і захапляльная дзякуючы сваёй адкрытасці і шчырасці перажытых пачуццяў і сітуацый», – адзначыў Стас Жыркоў.

Беларуская прэмʼера спектаклю «Гэтамы» адбылася ў канцы сакавіка на фестывалі «Сакавік-кантакт» у Магілёве. Тады ж адбыўся першы паказ «для сваіх» у Менску, які быў распрададзены ў аншлаг па сутнасці без рэкламы. Цяпер іх будзе адразу два за адзін дзень.

Варта падкрэсліць, што «Гэтамы» – гэта другая кніга «Радзіва «Прудок ». Больш эмацыйнае і дынамічнае – аж да крыку. І больш акцэнтаванае на тое, што Горват і яго героі – гэта ўсе мы.

«Стас Жыркоў вельмі выдатна працуе перш за ўсё з формай. Ён ідзе ў чытанні тэксту ад рытму гучання дыялогаў, дзесьці нават празмерна паддаваў тэкст, а дзесьці быццам бы адпускаючы гледача на лірычнай ноты. Акторы гоняць наперад-наперад, не даючы гледачу ні перадыхнуць, ні папляскаць. І нечакана ў гэтай гонцы, як быццам бы ў хуткай змене кадраў у кіно, пачынае вымалёўвацца нешта няўлоўнае пра Горвата, што мы ўсе гаворым-гаворым, але, мне здаецца, пакуль не сфармулявалі да канца», – лічыць тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў.

Hавiны
Фігаро тут, Фігаро там. Колькі словаў аб прэм’еры горватаўскай «Прэм’еры»
2018.12.28 13:13

СК belsat.eu паводле tut.by

Стужка навінаў