У Менску падрабілі подпісы за чальца выбарчай камісіі. Людзі паскардзіліся ў міліцыю


У Заводскім раёне Менску ў выбарчую камісію на ўчастку №90 шляхам збору подпісаў трапіла начальніца з прадпрыемства «Белметал» Таццяна Плашчынская. Аказалася, подпісы за яе вылучэнне фальсіфікавалі – людзі сцвярджаюць, што не падпісваліся. Яна накіравалі заяву ў міліцыю з просьбай правесці праверку.

Жыхарка Заводскага раёну Кацярына Алімпіева хацела патрапіць у склад тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, аднак яе не абралі. Пасля яна падпісалася за вылучэнне туды свайго кандыдата Рыгора Міхалапа. Калі і яму адмовілі, Кацярына падала ў суд.

«Усяго кандыдатаў было 14, а ў камісію ўвайшлі 11 чалавек. Усё было відавочна – яны працуюць або ў школе, або ў ААТ «Белметал». Падчас вывучэння матэрыялаў справы ў судзе, я звярнула ўвагу на заяву аб вылучэнні Плашчынскай.

Дакумент заінтрыгаваў мяне, бо палова подпісаў была датаваная лютым. А потым у спісе падпісантаў я ўбачыла сваю знаёмую і вырашыла даведацца, ці тая насамрэч падпісвалася за Плашчынскую. Аказалася, што не», – распавядае Кацярына.

Фота – фэйсбук Алега Зыля

У судзе яна хадайнічала аб выкліку ў якасці сведкаў Плашчынскай і тых, чые прыватныя звесткі фігуруюць у заяве, аднак суд адмовіў. Тады Кацярына вырашыла сама абыйсці людзей па пазначаных адрасах.

«Я абышла 10 чалавек са спісу і 9 мне пацвердзілі, што не пакідалі сваіх подпісаў. А адзін наагул жыве ў іншым горадзе і ў Менску не бывае. Плашчынскую ніхто з апытаных не ведае. Мяне гэта жудасна абурыла, бо гэта мой участак і вылучэнне Плашчынскай у камісію парушае мае правы», – кажа яна.

Кацярына Алімпіева падала заяву ў РАУС з просьбай правесці праверку па факце фальсіфікацыі подпісаў. Яна звязалася з яшчэ адным чалавекам са спісу «падпісантаў». Алег Зыль сцвярджае, што не падпісваўся за Плашчынскую. Ён таксама звярнуўся ў міліцыю, да ягонай заявы далучыліся яшчэ пяцёра падманутых грамадзянаў.

«Гэта жах! Пра якія выбары гаворка? Мне падаецца, проста паднялі спіс жыхароў раёну і перапісалі звесткі. Ніякай Плашчынскай я не ведаю і ведаць не хачу», – кажа ён.

У заяве ў міліцыю – сапраўдны подпіс Алега Зыля. Фота з сацсеткі Алега Зыля

Адвакат Сяргей Зікрацкі, які займаецца справаў, у каментары belsat.eu адзначыў, што на ягоную думку, гаворка тут ідзе менавіта пра крымінальную адказнасць.

«Пакуль не хочам каментаваць, якія канкрэтна артыкулы тут парушаныя, бо мы бачым адразу некалькі. Няхай пакуль праваахоўныя органы гэта кваліфікуюць. Але мы лічым, што такія дзеянні падпадаюць менавіта пад Крымінальны кодэкс», – сказаў ён.

50-гадовая Таццяна Плашчынская працуе начальнікам аддзелу кадраў у ТАА «Белметал». У склад выбарчых камісіяў яна стабільна ўваходзіць з 2010 году. Мы папрасілі яе пракаментаваць сітуацыю з падробленымі подпісамі.

Таццяна Плашчынская. Фота ok.ru

– Ведаеце, я нічога не буду каментаваць. Калі ў вас есць нейкія пытанні, звяртайцеся да старшыні нашай камісіі, ён у нас на прадпрыемстве намеснік гендырэктара па ідэалагічнай працы.

– Вы збіралі подпісы за свае вылучэнне?

– Усё збіралі, усё рабілі ў межах закону.

– Людзі кажуць, што яны не падпісваліся за вас.

– Я ўсё разумею, але ўсе подпісы, якія я збірала, былі нармальна сабраныя ў адпаведнасці з законам. Усе дакументы потым здаваліся старшыні камісіі і ён адвозіў іх у адміністрацыю раёна. Мне ўжо абарвалі тэлефон! Што вы хочаце ад мяне канкрэтна?

– Чаму ў заяве яшчэ частка подпісаў датаваная лютым?

На жаль, нічога не магу пракаментаваць. Набярыце старшыні камісіі.

Старшыня участковай выбарчай камісіі Аляксандр Мякішаў на тэлефанаванні не адказвае.

КА belsat.eu

Стужка навінаў