У Менску з'явіліся «Табакеркі» Алексіна. Прадпрымальнікі хочуць усталёўваць свае кіёскі


У другой палове ліпеня ў Менску пачалі з’яўляцца «Табакеркі» – на дадзены момант усталяваныя ўжо некалькі ў розных раёнах сталіцы. Дызайн менскіх «Табакерак» адрозніваецца ад дызайну гэтых кіёскаў у іншых гарадах Беларусі.

«Табакерка» ў Менску, на скрыжаванні вуліц Бяды і Някрасава. Фота – «Белсат»

Сетка кіёскаў па продажы тытунёвых вырабаў належыць кампаніі «ЭнэргаОйл», падкантрольная алігарху Аляксею Алексіну. Таксама ягоная кампанія другая пасля дзяржаўнага «Беларусьторгу» атрымала права на імпарт цыгарэт у краіну. Як раней паведамлялася ў СМІ, дзеля рэалізацыі тавараў «ЭнэргаОйл» мае намер усталяваць агулам 2500 «Табакерак», пры гэтым 500 з іх – у Менску.

Такая сітуацыя абурыла, у першую чаргу, індывідуальных прадпрымальнікаў. Кіраўнік грамадскага абʼяднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка звярнуў увагу на тое, што ўлады пачалі змагацца з вулічнымі кіёскамі «іпэшнікаў» яшчэ 15 гадоў таму, спасылаючыся на «састарэлую форму гандлю» і «засмечванне гораду». Цяпер жа на рынак выходзіць сетка «Табакерак».

«Табакерка» ў раёне менскай вуліцы Мірашнічэнкі. Фота даслаў чытач Jury Maliareuski

30 ліпеня Шумчанка з паплечнікамі накіравалі звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і Менгарвыканкам з просьбай дазволіць прадпрымальнікам таксама ўсталёўваць свае кіёскі.

У звароце прадпрымальнікі апелююць да Канстытуцыі, якая гарантуе грамадзянам «роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцяў і маёмасці для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці».

«Спадзяемся на безумоўнае выкананне палажэнняў Канстытуцыі і дазвол для ўсіх, а не абраных алігархаў – вараціл буйнога бізнесу, права працаваць у дробнарознічным гандлі фармату кіёскаў у горадзе Менску», – гаворыцца ў дакуменце.

Пакуль што ніякай рэакцыі дзяржаўных структураў «Перспектыва» не атрымала.

КА belsat.eu

Стужка навінаў