У Менску – новы кіраўнік міліцыі

ВІДЭА

Новым кіраўніком сталічнага ГУУС прызначаны Сяргей Дарошка, які раней працаваў начальнікам Дэпартамента выканання пакаранняў. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў Лукашэнка 20 лістапада.

Лукашэнка звярнуў увагу, што «ў Менску заўсёды на належным узроўні забяспечваецца грамадскі парадак і яго жыхары адчуваюць сябе ў бяспецы», падае словы кіраўніка Беларусі ягоная прэс-служба.

«Так павінна быць і надалей. Гэта сталіца, мы не можам страціць свой твар. Мы заўсёды ганарымся тым, што ў нас Менск – прыгажун-горад, але самае галоўнае, што жанчына ў любы час дзіця ў калыску пасадзіла і пайшла гуляць па вуліцы – да яе ніхто не мае права дакрануцца», – зазначыў Лукашэнка.

Чытайце таксама:

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што дзеянні міліцыі «па недапушчэнні беспарадкаў і спробаў дэстабілізацыі сітуацыі павінны быць рашучымі».

«У вас павінна быць жорсткай палітыка, да двух лічыць вы не павінны. Вы бачыце, што вакол адбываецца. Калі мы тут аслабім патрабаванні да бяспекі нашых людзей, захлісне нас імгненна, прытым з усіх бакоў», – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Папярэдні кіраўнік сталічнай міліцыі Аляксандр Барсукоў цяпер працуе на пасадзе намесніка міністра ўнутраных спраў. Ён неаднаразова асабіста каардынаваў разгоны акцыяў пратэсту ў Менску. Пасля жорсткага разгону дэманстрацыі 19 снежня 2010 года Барсукоў заяўляў, што падчас гэтых падзей пацярпела ў дзясяткі больш міліцыянтаў, чым дэманстрантаў.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары