У Менску не дазволілі акцыю «Бессмертный полк». Расейскае інфармагенцтва: гэта «метастазы нэабандэраўшчыны»

Фота

Арганізатарам акцыі не дапамог нават ліст да Аляксандра Лукашэнкі. Яму, дарэчы, прапаноўвалі ўзначаліць калону.

Менгарвыканкам, у сваю чаргу, прапанаваў арганізатарам далучыцца да акцыі «Беларусь помнит» і не дазволіў зладзіць у Менску шэсце «Бессмертный полк». Такое ж рашэнне Менгарвыканкам прыняў год таму.

7 траўня расейскае інфармацыйнага агенцтва «REX» (на базе ІА «REX» паўстала беларусафобскае інфармагенцтва «Regnum») апублікавала заяву арганізатараў акцыі «Бессмертный полк» у Менску.

Скрыншот з iarex.ru

Арганізатары мяркуюць, што ім прапанавалі ўзяць удзел у «сепаратнай акцыі» і абяцаюць выйсці на вуліцу нягледзячы на забарону Менгарвыканкаму.

«Правядзенне ў Рэспубліцы Беларусь сепаратнай акцыі «Беларусь помнит» разлічана на падзел беларускага, расейскага ды іншых народаў былога СССР, якія разам змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Акрамя гэтага, мы лічым, што правядзенне асобнай акцыі спрыяе падрыву ідэалагічных падмуркаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі», – гаворыцца ў заяве.

У заяве арганізатары абвінавачваюць Менгарвыканкам у «нацыяналізме» і падтрымцы калабарантаў.

Урывак заявы арганізатараў акцыі «Бессмертный полк»

Клікні, каб павялічыць.

Урывак заявы. Скрыншот з iarex.ru

Арганізатары, якія аб’ядналіся ў Каардынацыйны Савет лева-патрыятычных сілаў «Единство», звярнуліся да кіраўніка Беларусі з просьбаю «падтрымаць правядзенне міжнароднай акцыі «Бессмертный полк», вырашыўшы гэтае пытанне ў пільным парадку».

«Бессмертный полк» – міжнародная грамадская акцыя, якая праводзіцца 9 траўня ў 80 краінах свету. Падчас акцыі ўдзельнікі ідуць калонай і нясуць партрэты жаўнераў, якія ваявалі на баку СССР падчас Другой сусветнай вайны. У 2015 годзе ў акцыі браў удзел прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

6 траўня 2018 г. Акцыя «Бессмертный полк» у Сеуле (Паўднёвая Карэя)

Акцыю «Бессмертный полк» плануюць правесці таксама ў Берасці і Віцебску.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары