У Менску на паказе фільму пра ўнікальны прытулак прысутнічала дырэктарка «Белсату»


У «Арт-сядзібе» на прэм’ерным паказе дакументальнага фільму «Госці», знятага для тэлеканалу «Белсат» рэжысёрам Андрэем Куцілам, быў аншлаг.

На паказ сабраліся блізу 60 чалавек. Не ўсе з іх змясціліся ў зале, таму вымушаныя былі глядзець стужку, стоячы ў праходах і на балконавым другім паверсе «Арт-сядзібы».

Удзел у паказе ўзяла дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая на просьбу прысутных падзялілася сваймі ўражаннямі ад вандроўкі ў Беларусь пасля амаль дзесяцігадовага перапынку.

Гледачы мелі магчымасць паразмаўляць са стваральнікам «Гасцей» Андрэем Куцілам і падзяліцца сваймі ўражаннямі наконт фільму. Свае пытанні задалі такія вядомыя асобы як рэжысёр Юрый Хашчавацкі, актор Купалаўскага тэатру Раман Падаляка, рэжысёр і настаўнік Андрэя Куцілы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандр Карпаў, вядоўца перадачы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў.

«Госці», пра якіх распавядае фільм, – гэта насельнікі прытулку, які арганізаваў былы зняволены, а цяпер паслядоўнік святой Тэрэзы з Калькуты Аляксей Шчадроў у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну.

Калісьці Аляксей Шчадроў працаваў фельчарам у «хуткай дапамозе». Ён прызнаецца, што па выкліках часта даводзілася забіраць на вуліцах бяздомных людзей, але праз некалькі кіламетраў брыгада ізноў выкідала іх на вуліцу. Цяпер ён адшуквае такіх бедакоў сам – на вуліцах ды звалках.

Фільм «Госці» можна паглядзець у закладцы «Фільмы».

Ягоны светапогляд перавярнула турма, куды ён трапіў за збыт наркатычных рэчываў і адкуль яму пашчасціла выйсці праз амністыю. Па вызваленні Аляксей некалькі гадоў бадзяўся і жыў-працаваў пры касцёлах. Пасля пасяліўся ў вёсцы Аляксандраўцы, дзе заснаваў незвычайны прытулак, у якім за ўсе гады існавання былі абагрэтыя, накормленыя, па-людску дагледжаныя, адораныя клопатам ды надзеяй каля 100 чалавек.

Нямоглыя, бедныя людзі змушаныя называць сябе «гасцьмі» падчас праверак ды візітаў прадстаўнікоў мясцовых уладаў, якія чыняць перашкоды ў функцыянаванні прытулку. А тут адныя небаракі атрымліваюць шанец вярнуцца да нармальнага жыцця пасля турмы ці згубы дакументаў, а іншыя – прыстойна скончыць жыццё не на вуліцы, а ў цеплыні ў прамым і пераносным значэннях.

Аддзел унутраных справаў Шчучынскага раёну распачынала крымінальную справу супраць Шчадрова нібыта за дзейнасць незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі. З дапамогай праваабаронцаў прытулак удалося зарэгістраваць як прыватную сацыяльную ўстанову. У 2014 годзе мясцовыя чыноўнікі прымусілі здаць рэгістрацыйныя дакументы – цяпер пагражае новая крымінальная справа. Хоць Аляксей Шчадроў робіць тое, чым павінна займацца дзяржава, – яна не толькі не спрыяе ў дабрачыннасці, а наадварот – усяляк перашкаджае.

Фільм «Госці» здымаўся ў Беларусі і Італіі, куды выправіўся Аляксей Шчадроў у пошуках ахвяраванняў і духоўнага падтрымання. У гэтай вандроўцы ён як брат міласэрнасці Луіджы імкнуўся дапамагаць бедным ды нямоглым мясцовым жыхарам. Аляксей добра ведае італьянскую мову: выхаванца сіроцкага дому-інтэрнату ў Браславе цягам сямі гадоў забіралі на лета ў італьянскія сем’і.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў