У Менску медалём за гераічны ўчынак узнагародзілі айца Вікенція


Узнагарода была заснаваная Рухам Салідарнасці «Разам» у 2018-м годзе і прысуджаецца 13 сакавіка – данінай памяці ў дзень народзінаў вядомага беларускага дэсідэнта Сяргея Ханжанкова.

Медалём імя Сяргея Ханжанкова «За гераічны ўчынак» сёлета ўрачыста ўзнагароджаны іераманах беларускай аўтакефальнай царквы айцец Вікенцій.

Фота: Таццяна Уласенка/belsat.eu

«За гераічны чын, бо яго служэнне як святара ў сённяшніх умовах – ёсць рэальны гераізм. Іераманах царквы, якую сённяшняя ўлада не вызнае з палітычных прычынаў. Святар, які ідзе наперадзе калоны і ў Дзень Волі і на Чарнобыльскі шлях. Святар, якога незаконна арыштоўваюць», – такія словы гучалі падчас узнагароды.

Фота: Таццяна Уласенка/belsat.eu

Узнагарода была заснаваная Рухам Салідарнасці «Разам» у 2018-м годзе. Прысуджаецца 13 сакавіка – данінай памяці ў дзень народзінаў вядомага беларускага дысідэнта Сяргея Ханжанкова. Пераможцу вызначае камісія з 15-ці чалавек, куды ўваходзяць вядомыя культурныя і грамадскія дзеячы: Юрый Хашчавацкі, Алесь Тамковіч, Уладзімір Халіп, Валерый Мазынскі, Аляксей Марачкін і іншыя.

Сёння падчас вечарыны завочна таксама атрымалі граматы падзякі Павал Севярынец і Зміцер Дашкевіч, якія ў дадзены момант знаходзяцца на варце ля рэстарацыі «Паедзем – паядзім».

Фота: Таццяна Уласенка/belsat.eu

Аўтар медаля – менскі скульптар Гэнік Лойка. Першым лаўрэатам прэміі ў 2017-м годзе стаў актывіст Сяргей Пальчэўскі – за абарону Курапатаў. У 2018-м годзе медаль атрымала грамадская актывістка, пенсіянерка Ніна Багінская. У 2017-м годзе пасля арышту дзясяткаў актывістаў па справе «Белага легіёну» яна штодня прыходзіла да будынку КДБ і ладзіла адзіночныя пікеты. Штодня яе затрымлівалі і адвозілі ў РАУС.

Фота: Таццяна Уласенка/belsat.eu

Хто такі Сяргей Ханжанкоў?

Гэта вядомы беларускі дысідэнт і актывіст. У студэнцтве Ханжанкоў стварыў моладзевую антыкамуністычную арганізацыю, якая мела Статут і праграму дзейнасці. Разам з паплечнікамі ён збіраўся падарваць менскую вежу, якая глушыла заходнія радыёперадачы. У 1963 годзе яго арыштавалі савецкія спецворганы за «спробу зрабіць дыверсію» і «антысавецкую агітацыю і прапаганду». Ханжанкову прысудзілі 10 гадоў зняволення і этапавалі ў Мардоўскі лагер – адзіны ў той час савецкі лагер для палітвязняў. Там лёс звёў яго з вядомымі вязнямі Балісам Гаяўскасам, Юрыем Шухевічам, пісьменнікамі Андрэем Сіняўскім і Юліем Даніэлем.

Ханжанкоў не прасіў сабе памілавання і выйшаў на свабоду толькі ў 1973 годзе. Ён не быў рэабілітаваны і рэабілітацыі ніколі не дамагаўся. На волі працягнуў грамадскую дзейнасць, стаў сябрам Руху Салідарнасці «Разам», прымаў удзел у шматлікіх акцыях, мітынгах і шэсцях.

Таццяна Уласенка, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў