У Менску ківаюць на Расею. МЗС Украіны пра наймітаў з Беларусі


Зайцава, Данецкая вобласць, Украіна. Помнік салдатам Чырвонай Арміі. Фота Mikhail Tereshchenko / TASS

Падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Кіеве намеснік міністра замежных справаў Украіны Васіль Боднар адказаў на шэраг пытанняў. Ён распавёў карэспандэнтцы belsat.eu, як у МЗС ацэньваюць той факт, што грамадзяне Беларусі, якія ваявалі на баку сепаратыстаў на Данбасе, вяртаюцца дадому і пазбягаюць пераследу.

«У гэтым выпадку для нас надзвычайна важна, каб улады Беларусі адказвалі на нашыя запыты наконт тых грамадзянаў Беларусі, якія ваявалі на баку расейскіх акупацыйных войскаў.

Кацярына Андрэева і намеснік міністра замежных справаў Украіны Васіль Боднар

Для нас непрыемны той факт, што грамадзяне, якія былі наймітамі незаконных фармаванняў прарасейскіх баевікоў, застаюцца на свабодзе і не панеслі ніякага пакарання. Адпаведна, мы са свайго боку няспынна звяртаем увагу [беларускіх калегаў], нашыя спецслужбы збіраюць інфармацыю і перадаюць яе Менску.

Луганская вобласць, Украіна. Фота Stanislav Krasilnikov / TASS

Але мы разумеем – хутчэй за ўсё, ёсць пэўны ўплыў расейскага боку, які не дазваляе праводзіць расследавання. Мы хочам цалкам выкарыстаць прававыя механізмы, каб давесці да органаў улады Беларусі незаконнасць дзейнасць іх грамадзянаў на тэрыторыі Украіны і давесці справы кожнага з такіх грамадзянаў да суда ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам.

Храшчаватае, Луганская вобласць, Украіна. Фота Stanislav Krasilnikov / TASS

Нягледзячы на палітычны ціск, мы ўпэўненыя, што рана ці позна яны адкажуць перад судом».

Каментуючы рэакцыю калег з Менску, Боднар адзначыў:

«Паводле лініі МЗС заўжды кажуць, што гэта ў кампетэнцыі іншых органаў. У фармальнай абстаноўцы пасыл ідзе такі, што, маўляў, разгледзім пытанне, а ў нефармальнай – ківаюць на той бок, на Расею».

У адказ на просьбу пракаментаваць выдачу беларускіх пашпартоў баевікам «ПВК Вагнера» ў 2016 годзе, Васіль Боднар заявіў, што гэта «адназначна негатыў», і падкрэсліў, што ў Кіеве за падобным пільна сочаць і збіраюць факты.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары