У Менску «ДНР» і «ЛНР» перадалі Украіне чатырох палонных

ВІДЭА

Віктар Медведчук, старшыня палітычнай рады ўкраінскай партыі «Апазіцыйная платформа – За жыццё», дамовіўся з «ДНР» і «ЛНР» аб вызваленні чатырох украінскіх ваенапалонных, падае старонка грамадскага руху «Украінскі выбар – права народа».

Перамовы аб перадачы ўкраінскіх ваенных адбыліся 27 чэрвеня ў Менску. На брыфінг па выніках перамоваў запрасілі толькі расейскія і ўкраінскія СМІ.

Палонных у аднабаковым парадку перадалі Медведчуку ў Менску 28 чэрвеня.

У МЗС Украіны, СБУ і амбасадзе Украіны ў Беларусі гэтыя звесткі не каментуюць.

На ілюстратыўным здымку – вайсковец самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі». Фота – Forum / Reuters

Пытанне аб вызваленні некаторых грамадзянаў Украіны, якіх трымаюць у Данецку і Луганску, Віктар Медведчук падняў на сустрэчы з Дзянісам Пушыліным у Санкт-Пецярбургу 7 чэрвеня.

Дзяніс Пушылін лічыць, што перадача палонных падштурхне Украіну да выканання Менскіх дамоўленасцяў.

«Спадзяемся, што гэты крок падштурхне Украіну да выканання раней дасягнутых дамоўленасцяў, і будуць вызначаны канкрэтныя тэрміны абмену палоннымі па формуле «усіх устаноўленых на ўсіх устаноўленых», – заявіў Пушылін.

Медведчук паведаміў, што падчас сустрэчы з Дзянісам Пушыліным і Леанідам Пасечнікам 27 чэрвеня абмяркоўвалася выкананне Менскіх пагадненняў.

«Мы падрабязна спыніліся на пытанні, звязаным з тым, што асновай і падмуркам Менскіх пагадненняў з’яўляюцца тыя законы, якія павінная прыняць Вярхоўная Рада Украіны. Гэта пытанні, звязаныя з прыняццем закона аб выбарах, прыняццем закона аб амністыі, прыняццем закона і ўвядзеннем яго ў дзеянне аб асаблівым статусе, а таксама фіксаванне ў Канстытуцыі Украіны асаблівага статусу гэтых тэрыторыяў», – дадаў Медведчук.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары