У Менску дабудавалі Саборную мячэць – адну з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе


Будаўніцтва Саборнай мячэці завершанае ў Менску. Пра гэта паведамляе прэс-служба Менгарвыканкаму.

«У сталіцы завершанае будаўніцтва Саборнай мячэці па вуліцы Грыбаедава і добраўпарадкаваная прылеглая тэрыторыя. У цяперашні час будынак мячэці знаходзіцца ў стадыі праходжання дзяржпрыёмкі», – удакладнілі ў галоўным упраўленні.

Адзначаецца, што мячэць была цалкам гатовая яшчэ ў студзені гэтага года.

Нагадаем, у красавіку 2016 года на XIII саміце Арганізацыі ісламскай супрацы (АІС) у Стамбуле Аляксандр Лукашэнка анансаваў хуткае адкрыццё мячэці.

«У сталіцы нашай дзяржавы завяршаецца будаўніцтва Саборнай мячэці, адкрыццё якой адбудзецца ў бліжэйшы час», – сказаў Лукашэнка.

Афіцыйнае адкрыццё запланаванае на 9 ліпеня 2016 года.

Узвядзенне мячэці ў Менску на вуліцы Грыбаедава пачалося ў 2004 годзе, затым на некалькі гадоў будоўля была замарожаная праз праблемы з фінансаваннем, у 2013 годзе будаўніцтва аднавілася. Саборная мячэць у Менску, у якой адначасова змогуць маліцца больш за 1,5 тысячы вернікаў, стане адной з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе.

Глядзіце дакументальны фільм «Рэлігія міралюбнасці. Іслам», у якім мусульмане даводзяць, што яны не чужынцы ў Беларусі.

МЯ, паводле tut.by

Стужка навінаў