У Менску чакаюць расейскіх вайскоўцаў на парад 9 траўня


Па беларускай сталіцы 9-га траўня будзе ездзіць каля 50 адзінак вайсковай тэхнікі з Расеі.

У Менску ў 20-ых чыслах красавіка чакаюць прыбыцця расейскіх вайскоўцаў для ўдзелу ў парадзе войскаў Менскага гарнізона 9 траўня, паведамляе interfax.by са спасылкай на выданне Мінабароны «Белорусская военная газета. Во славу Родины».

«Прыбыццё расейскіх калег плануецца ў 20-ых чыслах красавіка. Пасля гэтага з імі спланаваныя індывідуальныя трэнаванні на аэрадроме Ліпкі, а таксама сумесныя трэнаванні падчас генеральных рэпетыцый на месцы правядзення парада», – паведаміў намеснік камандзіра войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Андрэй Некрашэвіч.

Па словах Некрашэвіча, парад у Менску пройдзе сумесна з расейскімі вайскоўцамі, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў. Толькі ў механізаванай калоне задзейнічаюць каля 210 адзінак тэхнікі і 600 чалавек асабовага складу з беларускага боку. З расейскага боку ўдзел у калоне прыме каля 50 адзінак тэхнікі і 120 вайскоўцаў.

Расейская тэхніка сфармуе сем парадных разлікаў, у тым ліку лётны эшалон.

17 красавіка кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што не будзе 9-га траўня па парадзе Перамогі ў Маскве. Перад гэтым шэраг еўрапейскіх палітыкаў адмовіліся ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях 9-га траўня.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў