У Менску будуць судзіць трох чалавек за жорсткае забойства 4-гадовай даўніны. Абвінавачаным пагражае расстрэл


Упраўленне Следчага камітэта па Менску завяршыла расследаванне забойства, здзейсненага групай асобаў з асаблівай жорсткасцю (ч 2 арт.139 КК) у 2014 годзе. Справа накіраваная ў суд.

Па дадзеных следства, злачынства здзейснілі тры чалавекі: двое мужчын 1975 і 1992 гадоў нараджэння, а таксама жанчына 1987 года нараджэння.

Паводле следства, абвінавачаныя ў сярэдзіне красавіка 2014 года ў закінутым прыватным доме па вуліцы Літаратурнай ў сталіцы нанеслі мноства ўдараў цвікадзёрам, драўлянай мэблевай ножкай і іншымі прадметамі 47-гадоваму менчуку, які ад атрыманых траўмаў памёр на месцы.

Загінулы быў знаёмы з абвінавачанымі, у той вечар яны разам распівалі спіртныя напоі. У ходзе застолля здарыўся канфлікт, 47-гадовага менчука забілі, а цела схавалі ў падвале хаты і закідалі смеццем. Астанкі мужчыны следчыя знайшлі толькі праз тры гады.

Усе фігуранты гэтай справы маюць судзімасці. Больш за тое, двое абвінавачаных мужчын у дадзены момант адбываюць пакаранні за іншыя злачынствы: адзін у Беларусі, другі ў Расеі.

Адзначым, што частка 2 артыкула 139 КК РБ прадугледжвае пакаранне аж да расстрэлу.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў