У Менску адкрыецца Тэрапеўтычны парк – з шахматамі, танцамі і заняткамі па ландшафтным дызайне


Адкрываць парк дапамагаюць Адміністрацыя Партызанскага раёну Менску, Чырвоны Крыж і ініцыятыўныя жыхары прылеглых раёнаў. Фота – М. Ямельянава

Па ініцыятыве Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў сталіцы рыхтуюць да адкрыцця Тэрапеўтычны парк. Ён з’явіцца ў зялёнай зоне паміж завулкам Клумава і водным каналам.

Зялёная зона будзе прызначаная ў першую чаргу для людзей стала веку і людзей з інваліднасцю, але будзе адкрытая для кожнага.

БЕЛТА піша, што ў парку створаць умовы для ўдзелу пажылых людзей у азеляненні і ландшафтным дызайне, заняткаў садоўніцтвам і агародніцтвам – тэрапеўтычны эфект ад працы з зямлёй добра вядомы.

«У парку будуць праводзіцца аздараўленчыя праграмы, у тым ліку навучанне скандынаўскай хадзьбе, танцах і практыкаванням на баланс для прафілактыкі падзенняў. Наведнікі змогуць згуляць у падлогавыя шахматы. Для камфортнага адпачынку лаўкі павернутыя ў розныя бакі, каб можна было выбраць пейзаж», – распавялі ў адміністрацыі Партызанскага раёну.

Цырымонія закладкі парку адбудзецца ў панядзелак, 28 траўня.

«Ужо цяпер валанцёры і проста неабыякавыя людзі займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі, вырабам элементаў дэкору з падручных матэрыялаў», – дадаюць арганізатары.

Праект тэрапеўтычнага парку быў прадстаўлены на найбуйнейшым конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend і летась у снежні атрымаў прыз глядацкіх сімпатый, а таксама фінансаванне ад мецэната Юрыя Мельнічака.

ДД

Стужка навінаў