У Менску адбыўся паказальны суд над 11-гадовым хлопчыкам. На працэс спецыяльна звезлі падлеткаў


Ілюстратыўнае фота. Крыніца - eurobelarus.info

У будынку Першамайскага РУУС гораду Менску адбылося выязное пасяджэнне Першамайскага суду. На лаве падсудных апынуўся 11-гадовы хлопчык.

Як паведамляе ГУУС Менгарвыканкаму, школьнік неаднаразова здзяйсняў дробны крадзеж чужой маёмасці і грашовых сродкаў. Міліцыянты праводзілі з хлопчыкам і ягонымі бацькамі прафілактычную працу, маці школьніка неаднаразова прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасці па арт. 9.4 («Невыкананне абавязкаў па выхаванню дзяцей») КоАП Рэспублікі Беларусь.

Паколькі няпоўнагадовы «на шлях выпраўлення не стаў і працягваў здзяйсняць крадзяжы», камісія па справах непаўналетніх хадайнічала аб накіраванні яго ў спецыяльную навучальна-выхаваўчую ўстанову. Суд Першамайскага раёну вынес рашэнне аб накіраванні падлетка ў спецшколу тэрмінам на два гады.

Пасяджэнне суда адбылося ў прысутнасці непаўналетніх, якія раней здзяйснялі падобныя правапарушэнні – іх спецыяльна прывезлі на працэс у »прафілактычных і выхаваўчых мэтах«, сцвярджаюць у ГУУС.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары